2013-05-29 10:55:15

Наколькі мы любім Касцёл?


RealAudioMP3 29 мая папа Францішак пачаў цыкл катэхез, прысвечаных таямніцы Касцёла, “таямніцы, якой мы ўсе жывём, і часткай якой з’яўляемся”. Ён прызнаўся, што ў якасці асновы для разважанняў будзе выкарыстоўваць урыўкі з тэкстаў ІІ Ватыканскага Сабора. Тэмай першай катэхезы стаў Касцёл – як Божая сям’я. Францішак нагадаў, што на працягу апошняга тыдня некалькі разоў ён узгадваў аб прыпавесці пра блуднага сына і міласэрнага айца. У ёй, паводле Святога Айца, вельмі добра адлюстраваны Божы план адносна чалавецтва – “стварыць адзіную сям’ю Яго дзяцей, у якой кожны будзе адчуваць сябе блізкім да Яго і любімым Ім”. Папа адзначыў, што у гэтым плане ляжаць карані Касцёла, які “не з’яўляецца арганізацыяй, створанай на падставе дамовы паміж людзьмі”, але, “як шмат разоў нагадваў Бэнэдыкт XVI – справай Божай, якая нарадзілася менавіта ад гэтага плану любові і паступова рэалізуецца ў гісторыі”.

“Касцёл нарадзіўся ад жадання Бога паклікаць усіх людзей да адзінства і сяброўства з Ім, а нават да ўдзелу ў Яго Боскім жыцці. Само слова “Касцёл”, ад грэцкага “ekklesia” азначае “сход”: Бог нас збірае, заклікае выйсці з індывідуалізму, тэндэнцыі закрывацца ў сабе, і кліча стаць часткай Яго сям’і”, - сказаў Пантыфік.

Францішак адзначыў, што гэта пакліканне мае свае карані яшчэ ў акце стварэння: Бог нас стварыў, каб мы жылі адносінамі глыбокага сяброўства з Ім, і нават калі грэх разбурыў гэтыя адносіны, Ён нас не пакінуў.

“Уся гісторыя збаўлення – гэта гісторыя Бога, які шукае чалавека, дорыць яму сваю любоў і прымае яго. Ён паклікаў Абрама быць айцом многіх, выбраў ізраільскі народ, каб заключыць запавет, які ахопіць усіх людзей, і, калі надышла поўня часу, паслаў свайго Сына, каб Яго план любові і збаўлення рэалізаваўся ў новым і вечным запавеце з усім чалавецтвам”, - сказаў Папа.

Францішак адзначыў, што “жыццёвай крывёй Касцёла” з’яўляецца любоў Бога, “якая канкрэтызуецца ў любові да іншых, да ўсіх, без адрозненняў і меры”. Паводле Папы, Касцёл “аб’явіўся калі дар Духа Святога напоўніў сэрцы апосталаў і падштурхнуў іх выйсці, каб пачаць шлях абвяшчэння Евангелля, распаўсюджвання Божай любові”.

“Яшчэ сёння некаторыя кажуць: “Хрыстус – так, Касцёл – не”. Ёсць тыя, якія кажуць: “Я веру ў Бога, а не ў святароў” (...) Але менавіта Касцёл нясе нам Хрыста і Бога. Касцёл – гэта вялікая сям’я дзяцей Божых. Канешне, ён мае таксама чалавечыя аспекты. Тыя, хто яго ўтварае, пастыры і вернікі, маюць дэфекты, недасканаласці, грахі: таксама і Папа іх мае. І мае шмат! Але цудоўна, калі мы ўсведамляем, што з’яўляемся грэшнікамі. (...) Тады знаходзім міласэрнасць Бога: Бог заўсёды прабачае. Не забывайце гэтага: Бог заўсёды прабачае! (...) Некаторыя кажуць: “Цудоўна тое, што грэх, гэта не толькі абраза Бога, але і магчымасць, прыніжэнне для таго, каб убачыць, што ёсць рэч больш прыгожая – Божая міласэрнасць. Давайце падумаем аб гэтым”. - заклікаў Пантыфік.

Святы Айцец заклікаў вернікаў спытаць саміх сябе: наколькі мы любім Касцёл? Ці молімся за яго? Ці адчуваем сябе часткай сям’і Касцёла? Што робім для таго, каб ён быў супольнасцю, дзе кожны будзе адчуваць сябе прынятым і зразуметым, адчуе міласэрнасць і любоў Бога, якая абновіць яго жыццё? Папа адзначыў, што “вера – гэта дар, які тычыцца кожнага асабіста” і “Бог нас кліча жыць нашай верай разам, як сям’я і Касцёл”.









All the contents on this site are copyrighted ©.