2013-05-29 15:40:29

Кс. Ламбардзі: вялікая цікаваць да ранішніх гамілій Папы


RealAudioMP3 Вялікую цікавасць з боку СМІ выклікаюць кароткія гаміліі папы Францішка, якія ён штодзённа прамаўляе падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы Дома св. Марты. Пра гэта паведаміў 29 мая кс. Фэдэрыка Ламбардзі, кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы. У спецыяльным паведамленіі, ён адзначыў, што ў Ватыкан паступалі і працягваюць паступаць просьбы аб магчымасці трансляцыі гэтых літургій ці атрымання поўнага тэксту гамілій Святога Айца. Паводле кс. Ламбардзі, такія просьбы цалкам зразумелыя і з’яўляюцца аб’ектам глыбокага разважання, але, важна ўсведамляць характар, які сам Папа пажадаў надаць ранішнім цэлебрацыям у Доме св. Марты.

“Гаворка ідзе пра св. Імшу, на якой прысутнічае немалая група вернікаў (звычайна каля 50 чалавек), але, падчас якой Папа жадае захаваць сямейны характар. Таму, нягледзячы на атрыманыя просьбы, ён ясна пажадаў, каб не вялася іх прамая відэа- ці аўдыётрансляцыя”, - паведаміў святар.

Кс. Ламбардзі адзначыў таксама, што гаміліі Пантыфік прамаўляе без загадзя падрыхтаванага тэксту, спантанна. Ён робіць гэта на італьянскай мове, якую добра ведае, але якая не з’яўляецца для яго роднай. Публікацыя поўнага тэксту, такім чынам, патрабуе “расшыфроўкі” і рэдагавання тэкстаў у некаторых месцах, з улікам таго, што пісьмовая форма адрозніваецца ад моўнай. Кіраўнік Залы Друку падкрэсліў, што ў такім выпадку патрабуецца перагляд канчатковага тэксту самім Папам і ён, канешне, будзе адрознівацца ад варыянту, які першапачаткова агучыў Пантыфік.

Такім чынам, было прынята рашэнне, што лепшым выхадам у дадзенай сітуацыі будзе публікацыя тэкстаў гамілій у скарочаным выглядзе, захоўваючы каларыт выразаў Папы. Гэтым штодзённа займаюцца газета “L’Osservatore Romano” і Ватыканскае радыё, якое дае магчымасць сваёй аўдыторыі праслухаць кароткія ўрыўкі гамілій Святога Айца.

Паводле кс. Ламбардзі, калі гаворка ідзе пра публічныя цэлебрацыі ці дзейнасць Папы, якія трансліруюцца па тэлебачанні і радыё, то гаміліі і прамовы запісваюцца і друкуюцца цалкам. Але, у выніку, “больш сямейных і прыватных цэлебрацый, трэба паважаць адмысловы характар сітуацыі, спантаннасць і сяброўскі характар выразаў Святога Айца”.








All the contents on this site are copyrighted ©.