Кардынал Кох чакае актывізацыі дыялогу з пяцідзесятнікамі
Пашырэння экуменічнага
дыялогу з пяцідзясятнікамі чакае старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству,
кардынал Курт Кох, ад папы Францішка. Пантыфік дакладна ведае сітуацыю са сваёй працы
ў Буэнас-Айрэсе, бо лацінаамерыканскія евангелічныя рухі растуць сёння асабліва хутка.
Развіццё пяцідзесятнікаў у свеце, гэта вялікі выклік для Каталіцкага Касцёла, паколькі
ставіць перад ім новыя тэалагічныя пытанні, сказаў кардынал Кох нямецкаму каталіцкаму
агенцтву “KNA”. Ватыканскі іерарх прыняў удзел у выходныя ў сустрэчы экуменічнай ініцыятывы
“Unita dei Cristiani” у нямецкім Охзэнхаузэн.
У цэлым, старшыня Папскай рады
не чакае ў бліжэйшай будучыні нейкіх “рэвалюцыйных падзей” у экуменічным плане. Ён
спадзяецца, аднак, што паміж пратэстантамі і католікамі будуць сумесныя заявы па тэалагічна
спрэчных пытаннях адносна сутнасці Касцёла і яго служэння. Але іерарх не ведае, ці
яму прыдзецца назіраць гэта “яшчэ на зямлі, ці ўжо на небе”, як адзначыў ён сам.
Кардынал
Кох мяркуе, падобна як і яго папярэднік на пасадзе старшыні ватыканскай дыкастэрыі,
кардынал Вальтэр Каспер, што ў часы папы Францішка адбудуцца змены ў структурах Святога
Пасаду і Ватыкана. Ён выказаў надзею, што ў будучыні палепшыцца сувязь і ўзаемадзеянне
паміж органамі Рымскай курыі. Па словах кардынала Коха магчымыя рэформы і новаўвядзенні
ўспрымаюцца ў Ватыкане “скарэй з надзеяй, чым са страхам”.