2013-05-27 13:23:31

“Caritas”: праз 30 гадоў пасля адкрыцця ВІЧ – 34 млн. асоб жывуць з гэтым вірусам


RealAudioMP3 30 гадоў таму, у маі 1983 г., група французскіх даследчыкаў пад кіраўніцтвам Люка Монтанье апублікавала ў амерыканскім часопісе “Science” артыкул, у якім упершыню заяўлялася аб існаванні новага віруса – ВІЧ, адказнага за “сіндром набытага імунадэфіцыту”, больш вядомага як СНІД. Праз 30 гадоў 34 млн. чалавек жывуць у свеце з гэтым вірусам, і каля 1,8 млн. памірае ад СНІДу кожны год. Хоць існуюць новыя лекі, каб палепшыць і падоўжыць жыццё пацыентаў, што пакутуюць ад гэтага віруса, лепшай зброяй на сённяшні дзень працягвае заставацца прафілактыка. Аб ролі і працы Касцёла ў гэтым напрамку паведаміў Ватыканскаму радыё кс. Роберт Віцілла, эксперт па СНІДу пры міжнароднай дабрачыннай арганізацыі “Caritas Internationalis”.

Святар адзначыў, што Касцёл ад самага пачатку ўключыўся ў дапамогу хворым, як толькі першыя выпадкі былі адкрыты ў Афрыцы, калі медыцынскі персанал быў яшчэ вельмі асцярожны, паколькі не ведаў прычыны, а таксама спосабу перадачы вірусу. Сёння ж Каталіцкі Касцёл актыўна ўдзельнічаць у рэалізацыі комплекснага плану ААН, накіраванага на ліквідацыю да 2015 г. усіх новых выпадкаў інфікавання дзяцей ад хворых маці.

Касцёл стараецца паўсюдна данесці сваю пазіцыю, што найлепшым спосабам правілактыкі СНІДу з’яўляецца сексуальная ўпарадкаванасць і ўстрыманне ад пазашлюбных сувязяў, паведаміў эксперт “Caritas Internationalis”. У Афрыцы, існуюць праграмы Каталіцкага Касцёла, як, напрыклад, “Моладзь для Хрыста”, якія інфармуюць моладзь і заклікаюць яе да адказнасці.

Касцёл працуе таксама ў напрамку дапамогі хворым на СНІД і імкнецца ўключыць іх у сваю супольнасць, каб яны не адчувалі сябе пакінутымі і нікому не патрэбнымі, заўважыў святар. Гэта дапамагае знішчыць мноства забабонаў, звязаных з хворымі на СНІД. Эксперт лічыць, што пра гэту хваробу і рызыкі з ёй звязаныя трэба казаць паўсюдна, выносіць гэту праблематыку на ўсеагульнае абмеркаванне, бо зараз, напрыклад, у многіх краінах Еўропы, не любяць казаць пра СНІД, баяцца гэтай тэмы і грамадскага рэзанансу з ёй звязанага.







All the contents on this site are copyrighted ©.