2013-05-26 14:45:43

“Уся Польшча танчыць для бл. Яна Паўла II”


RealAudioMP3 Незвычайная акцыя прайшла ў польскім Вроцлаве ў рамках ініцыятывы “Уся Польшча танчыць для бл. Яна Паўла II”. У ёй паўдзельнічала некалькі дзесяткаў “хрысціянскіх танцораў”, якія выконвалі “па” пад музыку гімну вядомай штогадовай міжнароднай сустрэчы моладзі каля Ледніцы. Жыхары горада з цікавасцю назіралі за тым, што адбываецца на цэнтральнай плошчы, а некаторыя далучыліся да акцыі, якую арганізатары назвалі “фіш-мобам”, ад хрысціянскага сімвалу рыбы. Назва звязана таксама з папулярнымі ў апошнія гады ва ўсім свеце флэш-мобамі, або “штучным натоўпам”, які збіраецца ў публічных месцах, каб прыняць удзел у мерапрыемстве як правіла нечаканым для мінакоў.

“Удзельнікі акцыі паказалі ўсім радасць хрысціянства”, - сказаў парталу “wiara.pl” Анджэй Кус, адзін з арганізатараў вроцлаўскага этапу кампаніі “Уся Польшча танчыць для бл. Яна Паўла II”. “Акцыя прайшла ва ўсёй Польшчы ў другі раз, але ў нашым горадзе адбыўся “прэм’ерны паказ”. Мы хацелі такім чынам адзначыць гадавіну з дня нараджэння Яна Паўла II і запрасіць на моладзевую сустрэчу ў Ледніцы, якая адбудзецца 1 чэрвеня”, - дадаў ён. “Мы хочам паказаць праз свой удзел у гэтым мерапрыемстве, што мы хрысціяне, і што мы радасныя. Мы можам выдатна правесці час у Духу Божым”, - сказаў Даніэль з універсітэцкага душпастырства.

Свой удзел у акцыі “Уся Польшча танчыць для бл. Яна Паўла II” ужо абвясцілі дзесяткі польскіх гарадоў.







All the contents on this site are copyrighted ©.