2013-05-25 12:33:21

Папа заклікаў да глабальнага пераасэнсавання сістэмы адносін у свеце


RealAudioMP3 Папа Францішак сустрэўся 25 мая з членамі фонду “Centesimus Annus Pro Pontifice” з нагоды міжнароднай канферэнцыі, якая праходзіла ў Рыме. Святы Айцец нагадаў, што Фонд быў створаны бл. Янам Паўлам II 20 гадоў таму для пашырэння і рэалізацыі каталіцкага сацыяльнага навучання. І за гэтыя гады шмат было зроблена, адзначыў Пантыфік, перш за ўсё праз свецкіх людзей, якія працуюць у грамадскай, палітычнай і эканамічнай сферах. Францішак звярнуўся да тэмы сёлетняй сустрэчы Фонду, якая запрашае “пераасэнсаваць салідарнасць”. На яго думку, гэта азначае дзве рэчы: па-першае, аб’яднаць навучанне з сацыяльна-эканамічным развіццём, а па-другое, глыбока асэнсаваць глыбокую каштоўнасць салідарнасці, якая грунтуецца на Евангеллі. Цяперашні эканамічны і сацыяльны крызіс дадае актуальнасці гэтаму “пераасэнсаванню” і падкрэслівае праўдзіваць і актуальнасць сацыяльнага навучання Касцёла, заўважыў Пантыфік.

Масы беспрацоўных або часткова занятых і незлічонае мноства галодных сведчыць аб тым, што “нешта не працуе”, - падкрэсліў Святы Айцец і дадаў, што беспрацоўе распаўсюджваецца па свеце як лясны пажар. Няма нічога горшага за матэрыяльную беднасць, якая звязана з немагчымасцю зарабляць на жыццё і пазбаўляе працу годнасці. Таму, на думку Папы, сёння ўжо стаіць пытанне не толькі аб “пераасэнсаванні салідарнасці”, але “глабальным пераасэнсаванні ўсёй сістэмы”, яе рэфармаванні і выпраўленні ў адпаведнасці з асноўнымі правамі чалавека.

На заканчэнне сваёй прамовы да членаў Фонду Пантыфік зноў звярнуўся да тэмы крысізу і адзначыў, што яго карані ляжаць у антрапалагічным і этычным крызісе, бо ідалы ўлады, прыбытку, грошай, перабольшанага ўзвышэння значэння чалавечай асобы, сталі асноўнай нормай і вырашальным крытэрыем арганізацыі. Пры гэтым забываецца, што вышэй за адносіны, логіку і рынак, стаіць чалавек і яго годнасць, заўважыў Францішак. Ён падзякаваў за працу, якую робіць фонд “Centesimus Annus Pro Pontifice” для таго, каб свет зразумеў гэта.







All the contents on this site are copyrighted ©.