Канстантынопальскі Патрыярх удзельнічаў у “Доўгай ночы касцёлаў”
Патрыярх Барталамей
I, знаходзячыся з візітам у Брно, 24 мая прыняў удзел у ініцыятыве “Доўгая ноч касцёлаў”.
Прадстаяцель прыбыў у сераду з чатырохдзённым візітам у Чэшскую Рэспубліку. У чацвер
ён сустрэўся са старшынёй мясцовага каталіцкага епіскапату кардыналам Дамінікам Дукай.
Гэта “вельмі важная падзея”, што Канстантынопальскі Патрыярх прыехаў у Чэхію падчас
святкавання 1150-гадовага юбілею прыбыцця святых Кірыла і Мятода ў Вялікую Маравію,
адзначыў каталіцкі іерарх у сваёй прывітальнай прамове. Асабліва сімвалічным для яго
стаў факт, што Патрыярх прыбыў з гораду паходжання святых асветнікаў. Арцыбіскуп Пражскі
нагадаў, што Кірыл і Мятод прынеслі на тэрыторыю сучаснай Чэхіі грэчаскую культуру,
якая прычынілася да развіцця рэлігійнага жыцця і замацавання веры.
Патрыярх
Барталамей І заявіў, што імкнецца “развіваць брацкія адносіны з Рымска-каталіцкім
Касцёлам” і прадэманстраваць сваёй дзейнасцю і паставай, што Канстантынопаль ніколі
не захоўваў свае духоўныя багацці толькі для сябе, але стараўся дзяліцца імі з іншымі
канфесіямі і культурамі.
У святкаваннях юбілейнага году Каталіцкі Касцёл і
Праваслаўная Царква ўдзельнічаюць разам пад адным дэвізам “Адзінства ў разнастайнасці”.
Асноўнымі мерапрыемствамі ў яго рамках з’яўляюцца: праваслаўныя ўрачыстасці ў гэтыя
выхадныя ў Мікульчыцах і каталіцкі “Дзень людзей добрай волі” 5 ліпеня ў Велеградзе.