2013-05-24 13:03:48

Францішак: гандль людзьмі – сорам для нашых грамадстваў


RealAudioMP3 Гандль людзьмі – гэта сорам для нашых грамадстваў, якія называюць сябе цывілізаванымі, адзначыў папа Францішак падчас сустрэчы з членамі ХХ Пленарнай асамблеі Папскай рады пастырства мігрантаў і падарожнікаў. Святы Айцец прыняў іх на аўдыенцыі ў Апостальскім палацы 24 мая. У сваім звароце ён закрануў шэраг важных праблем, звязаных з вымушанай міграцыяй і эксплуатацыяй людзей, пазбаўленых магчымасці вярнуцца на Радзіму. Гаворачы пра феномен “гандлю людзьмі”, Святы Айцец адзначыў, што “эксплуататары і кліенты ўсіх узроўняў павінны зрабіць сур’ёзны рахунак сумлення перад самімі сабой і Богам”. Папа нагадаў, што “у свеце шмат гаворыцца пра правы, але вельмі часта прыніжаецца чалавечая годнасць”. Пантыфік высока ацаніў намаганні Папскай рады пастырства мігрантаў і падарожнікаў па дапамозе беднымі і маргіналізаваным. Паводле яго, насілле, злоўжыванні, аддаленасць ад сем’яў, няўпэўненасць, якія суправаджаюць лёс бежанцаў – гэта элементы, “якія дэгуманізуюць, таму павінны натхняць кожнага хрысціяніна і ўсю супольнасць да канкрэтных дзеянняў”, перш за ўсё, да вяртання людзям надзеі на будучыню.

Пантыфік звярнуўся да кіраўнікоў дзяржаў, заканадаўцаў і ўсёй міжнароднай супольнасці з заклікам прыняць эфектыўныя меры для таго, каб палепшыць якасць жыцця вымушаных мігрантаў. “Гаворка ідзе пра людзей, якія просяць аб салідарнасці і дапамозе, якія маюць патрэбу ў тэрміновым умяшальніцтве, але перш за ўсё, у разуменні і дабрыні. Іх стан не можа пакінуць абыякавымі. І мы, як Касцёл, нагадваем, што калі клапоцімся пра раны бежанцаў, бездомных і ахвяр гандлю людзьмі, рэалізуем запаведзь любові, якую Езус нам пакінуў, калі параўнаў сябе з чужынцам, пакутуючым, з усімі нявіннымі ахвярамі насілля і эксплуатацыі”, - сказаў Папа.

Францішак заклікаў вернікаў памятаць, што хрысціянскія супольнасці павінны быць па-сапраўднаму месцамі гасціннасці, слухання і адзінства.








All the contents on this site are copyrighted ©.