2013-05-24 12:06:20

Папа заклапочаны лёсам Касцёла ў Кітаі


RealAudioMP3 24 мая, ва ўспамін Маці Божай Успамогі Хрысціянаў, Каталіцкі Касцёл адзначае Сусветны дзень малітваў за Касцёл у Кітаі. З гэтай нагоды на ранішнюю Эўхарыстыю ў Дом св. Марты Пантыфік запрасіў групу кітайскіх святароў, семінарыстаў і свецкіх вернікаў. Канцэлебраваў св. Імшу сакратар Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў, арцыбіскуп Савіа Хон Тай Фай. У інтэрв’ю агенцтву “AsiaNews” кітайскі іерарх нагадаў, што падчас агульнай аўдыенцыі 22 мая Францішак заклікаў вернікаў да малітвы за Кітай. Арцыбіскуп звярнуў увагу на тры моманты, якія, паводле слоў Святога Айца, павінны вызначаць сутнасць Касцёла ў Кітаі: адзінства, камунія і місія. Ватыканскі іерарх адзначыў, што Францішак, як і яго папярэднік Бэнэдыкт XVI, у зваротах з нагоды Сусветнага дня малітваў за Касцёл у Кітаі, не закранаў канкрэтных праблем, а нагадаў, што гэты дзень прысвечаны менавіта малітве “з” вернікамі і “за” вернікаў краіны. “Гэта не месца, каб казаць пра ўсе цяжкасці, якія яны перажываюць. Мы ж ведаем, што ў Кітаі існуюць розныя супольнасці і кожная з іх мае свае праблемы”, - адзначыў іерарх.

Таксама 24 мая Папа змясціў твіт-паведамленне, у якім адзначыў, што “у свята Марыі Успамогі Хрысціянаў, далучаецца да католікаў Кітая, якіх давярае абароне Маці Божай з Шэшан і моліцца за іх”.








All the contents on this site are copyrighted ©.