2013-05-23 12:11:14

Святы Айцец: соллю веры надаваць смак жыццю


RealAudioMP3 Хрысціяне пакліканы распаўсюджваюць соль веры, надзеі і любові, лічыць папа Францішак. 23 мая, падчас ранішняй св. Імшы, Пантыфік заклікаў вернікаў не быць “прэснымі” або “музейнымі” хрысціянамі, а дзякуючы “солі” веры надаваць сапраўдны “смак” уласнаму жыццю і жыццю іншых. “Соль, якую нам даў Пан – гэта соль веры, надзеі і любові”, адзначыў Папа і дадаў, што Езус заклікаў хрысціян клапаціцца, каб “яна не стала прэснай, не згубіла сваёй сілы”. Паводле Святога Айца, соллю, якую вернікі атрымалі ад Бога, трэба дзяліцца, бо калі яна проста “ляжыць у салонцы” – не выконвае ніякай функцыі. Францішак падкрэсліў, што хрысціянства не мае нічога супольнага з аднастайнасцю. Паводле яго, трэба прымаць кожнага чалавека такім, які ён ёсць – з яго асаблівасцямі, асабістымі характарыстыкамі, культурай, “таму што гэта багацце”. Але, дзелячыся верай, мы надаём людзям побач з намі “смак”. У гэтым заключаецца арыгінальнасць хрысціянства – не ствараць аднастайнасці, “калі ўсе пасолены аднолькава”, але прымаць кожнага такім, які ён ёсць, “з тымі дарамі, якія Пан яму даў”.








All the contents on this site are copyrighted ©.