Рыа-дэ-Жанейра: міжрэлігійная сустрэча напярэдадні СДМ
Каля 200 маладых католікаў,
яўрэяў і мусульманаў сустрэнуцца напэрэдадані Сусветных дзён моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра.
Форум пройдзе 21 ліпеня ў мясцовым Папскім каталіцкім універсітэце. Яны не толькі
супольна паразмаўляюць “пра галоўныя рысы сваёй веры”, але таксама “аб канкрэтных
дзеяннях на карысць міжрэлігійнага дыялога”, гаворыцца ў спецыяльным паведамленні
арганізацыйнага камітэта сусветнага моладзевага форума. Адзначаецца, што маладыя людзі
будуць разважаць пра практычнае ажыцяўленне этычных і грамадзянскіх перакананняў,
якія нараджаюцца дзякуючы веры. У рамках сустрэчы, яе удзельнікі пазнаёмяцца з
відэафільмамі аб выніках дыялогу ў розных частках свету, аб жыцці моладзі ў розных
грамадствах і іх дзейнасці ў розных сферах жыцця. Таксама прадугледжана культурная
праграма, у рамках якой адбудуцца прэзентацыі рэлігій. Ідэя правядзення міжрэлігійнага
форума напярэдадні СДМ нарадзілася ў асяродку маладых людзей, якія прадстаўляюць розныя
веравызанні і пастаянна сутракаюцца для абмену думкамі і агульных акцый на карысць
грамадства. У рамках СДМ, якія пройдуць з 22 па 28 ліпеня, будзе арганізавана
экуменічная сустрэча лідэраў хрысціянскіх канфесій. Месцам яе правядзення стане англіканскі
сабор у Рыа-дэ-Жанейра.