2013-05-19 13:42:19

Папа да свецкіх рухаў: не забывайце пра годнасць чалавека і яго працы


RealAudioMP3 Касцёл не з’яўляецца палітычным рухам ці добра арганізаванаю структураю, гэта не па-за ўрадавая арганізацыя, бо калі б быў такім страціў бы сваю натуру, сказаў папа Францішак да ўдзельнікаў малітоўнага чування, якое адбылося на плошчы св. Пятра ў суботу 18 мая. У ім прыняло ўдзел больш за 200 тыс. прадстаўнікоў са 150 рухаў і касцельных супольнасцяў з розных краін свету, у тым ліку і з Беларусі. Мерапрыемства адбылося ў вігілію Спаслання Духа Святога на знак прысутнасці Духа Хрыста Увасрослага, які кіруе сваім Касцёлам і евангелізацыйнай справай. Падчас сустрэчы Папа адказаў на некаторыя пытанні, якія тычыліся евангелізацыйнай дзейнасці Касцёла, яго ўбоства і пераследавання хрысціян. “Мы з’яўляецмся сапраўднымі евангелізатарамі не тады, калі мы самі апрацоўваем стратэгіі дзейнасці, але тады, калі дазваляем Езусу, каб узяў нас за руку і кіраваў намі”, - адзначыў Пантыфік і дадаў, што наша дзейнасць без малітвы не мае ніякага сэнсу.

Францішак падкрэсліў, што ўбоства не з’яўляецца ідэалагічнай, але тэалагічнай катэгорыяй, якая паказвае на ўбоства Цела Хрыста. ”Цяперашні крызіс нішчыць чалавека і робіць шмат зла для ўсяго чалавецтва . Наша мужнасць павінна паштурхоўваць нас бачыць Хрыста ў апошніх”, - сказаў Папа. Паводле яго зараз людзі стаюцца менш важнымі за рэчы, якія даюць прыбытак тым, хто мае палітычную, фінансавую і эканамічную ўладу. “Мы дайшлі да таго, што забыліся пра годнасць чалавечай асобы і працы, і гэта з’яўляецца сучасным крызісам”, - адзначыў Святы Айцец і дадаў, што наша цывілізацыя страціла над сабой кантроль і замест спрыяць таму, каб чалавек быў шчаслівы, мы дайшлі да культуры адмовы: таго, хто нас не задавальняе мы адкідаем.

Папа чарговы раз нагадаў, што сёння ў свеце больш мучанікаў за веру чым было іх ў першых гадах хрысціянства. “Мучаніцтва гэта не параза, гэта вышэйшая форма сведчання. Ці мы молімся за тых, хто церпіць і якіх пераследуюць?”, - запытаўся Пантыфік. Ён адзначыў, што кожны чалавек павінен быць свабодным у вызнаванні сваёй веры, бо з’яўляецца Божым дзіцём.

Падчас мерапрыемства сваімі асабістымі досведамі сустрэчы з Хрыстом падзяліліся, між іншым, ірландскі пісьменнік і журналіст Джон Вальтэр і пакістанскі ўрач Пол Бхаці, дарадчык прэм’ер-міністра гэтай краіны па пытаннях нацыянальнай гармоніі. Першы расказаў прысутным аб сваім пошуку ў маладосці свабоды, што прывяло яго да алкагалізму. “Дзякуючы сябрам я адкрыў, што задавальнення не даюць дробныя радасці, але адкрыццё Бога, крыніцы асабістай праўды. Пазнанне Хрыста- гэта пазнанне самога сябе”, - сказаў Джон Вальтэр.

Пол Бхаці расказаў аб глыбокай веры свайго брата Шабхаза, былога міністра па справах меншасці, забітага ісламістамі ў 2011 г. Ён запэўніў усіх прысутных, што вера брата аказала вялікі ўплыў на паслядоўнікаў іншых рэлігій ў яго краіне.

Сустрэча Папы з членамі рухаў і касцельных супольнасцяў завершылася сумесным вызнаннем веры.








All the contents on this site are copyrighted ©.