2013-05-17 12:13:08

Апостальская Сталіца занепакоена ростам гандлю людзьмі ў свеце


RealAudioMP3 Святы Пасад занепакоены ўзрастаючымі маштабамі гандлю людзьмі ў свеце. Аб гэтым паінфармаваў Арганізацыю Аб’яднаных Нацый арцыбіскуп Фрэнсіс Чулікат. 13-14 мая ў Нью-Ёрку праходзіла спецыяльная сесія ААН, прысвечаная гэтаму пытанню. На думку пастаяннага прадстаўніка Апостальскай Сталіцы, палітычныя абавязацельствы па барацьбе з гандлем людзьмі “павінны быць падмацаваны канкрэтнымі дзеяннямі на месцах”, каб ахвяры былі вызвалены “ад гэтай агіднай формы сучаснага рабства, і каб ім была аказана неабходная дапамога вярнуцца да нармальнага жыцця”.

Арцыбіскуп нагадаў, што гандаль людзьмі звязаны непасрэдна з міграцыяй. Гэта рэальнасць, якая адкрывае новыя магчымасці для развіцця паразумення паміж народамі і для паляпшэння сацыяльнага і эканамічнага дабрабыту людзей, але для вельмі многіх, аднак, рэальнасць міграцыі стала ўжо не пытаннем свабоднага выбару, але неабходнасцю. “Гэта пачуццё адчаю чалавека дае гандлярам магчымасць паляваць на мігрантаў”, што ў выніку робіць гандаль людзьмі адной з найбольш хутка растучых сфер злачыннай дзейнасці ў сучасным свеце, адзначыў ватыканскі дыпламат. Гандаль людзьмі з’яўляецца ганебным злачынствам супраць чалавечай годнасці і грубым парушэннем асноўных правоў чалавека, дадаў ён.

Адным з негатыўных фактараў, якія спрыяюць пашырэнню гэтага феномену з’яўляецца камерцыялізацыя чалавечага жыцця, звярнуў увагу арцыбіскуп. Гандаль людзьмі правакуюць таксама сексуальная эксплуатацыя, нявольніцкая праца і крайняя беднасць. Менавіта эканамічная беднасць, адзначыў дыпламат, “па сваёй сутнасці адкрывае дзверы для выключэння і эксплуатацыі з боку тых, чые маральная і духоўная беднасць больш не дазваляе ім бачыць людзей, якія маюць патрэбу”.

Прадстаўнік Святога Пасаду заклікаў да выпрацоўкі “эфектыўных юрыдычных інструментаў”, бо, на яго думку, яны маюць вырашальнае значэнне для спынення гандлю чалавечымі істотамі, прыцягнення да адказнасці спекулянтаў, і садзейнічання рэабілітацыі і рэінтэграцыі ахвяр.







All the contents on this site are copyrighted ©.