2013-05-16 11:41:39

Францішак: некаторыя фінансісты і палітыкі лічаць Бога небяспечным для сябе


RealAudioMP3 16 мая папа Францішак прыняў даверчыя граматы ў чатырох новых паслоў пры Апостальскай Сталіцы: дыпламатаў з Кыргызстана, Антыгуа і Барбуды, Люксембурга і Бастваны. Гаворачы пра міжнародную сітуацыю, Святы Айцец адзначыў шматлікія “пазітыўныя вынікі, якія спрыяюць сапраўднаму развіццю чалавецтва, напрыклад, у сферы аховы здароўя, адукацыі і камунікацыі”. Але, адначасова, ён заўважыў, што большая частка людзей нашага часу працягвае жыць “у штодзённай няўпэўненасці са згубнымі наступствамі”. “Некаторыя паталогіі пашыраюцца і нясуць псіхалагічныя наступствы, страх і адчай ахопліваюць сэрцы людзей нават у так званых багатых краінах, радасць жыцця знікае, павялічваюцца варожасць і насілле, а беднасць становіцца ўсё больш відавочнай. Трэба змагацца, каб жыць, і часта, каб жыць без годнасці”, - сказаў Папа.

Паводле Святога Айца, адной з прычын такой сітуацыі з’яўляюцца адносіны да грашэй і дазвол на іх панаванне над чалавекам і грамадствамі. “Фінансавы крызіс, які мы перажываем, імкнецца прымусіць нас забыцца аб сваім паходжанні, якое заключаецца ў глыбокім антрапалагічным крызісе. У адмаўленні першаснай ролі чалавека! Мы стварылі новых ідалаў. Пакланенне старажытнаму залатому цяляці набыло новую і бязлітасную форму фетышызму грошай і дыктатуры эканомікі без аблічча і сапраўдных чалавечых мэтаў”, - адзначыў Святы Айцец.

Паводле Папы, фінансавы крызіс паказаў, што сучасны чалавек зведзены выключна да адной са сваіх патрэбаў: спажывання. “У гэтым кантэксце, салідарнасць, якая з’яўляецца скарбам бедных, часта лічыцца непрадуктыўнай, супрацьлеглай фінансавай і эканамічнай рацыянальнасці”, - адзначыў з жалем Пантыфік. Ён падкрэсліў, што ў той час, як прыбытак меншасці расце – большасць людзей бяднеюць.

“Гэта нераўнавага паходзіць ад ідэалогій, якія спрыяюць абсалютнай аўтаноміі рынкаў і фінансавай спекуляцыі, адмаўляючы права на кантроль з боку дзяржавы, заданне якой – клапаціцца аб супольным дабры. Устанаўліваецца новая нябачная тыранія, часам віртуальная, якая аднабока і без магчымых перашкод навязвае свае законы і правілы”, - падкрэсліў Папа.

Святы Айцец адзначыў, што пазыкі і крэдыты аддаляюць краіны ад іх рэальнай эканомікі і грамадзян, а да гэтага дадаецца “паўзучая карупцыя” і “эгаістычнае ўхіленне ад падаткаў”, што набыло “глабальнае вымярэнне”. “Жаданне ўлады і валодання стала бязмежным”, - падкрэсліў Пантыфік. Паводле яго, за гэтымі тэндэнцыямі стаіць адмаўленне этыкі і Бога.

“Таксама як і салідарнасць, этыка перашкаджае. Яна лічыцца непрадуктыўнай, таму што робіць адноснымі грошы і ўладу; як пагроза, бо супрацьстаіць маніпуляцыям і падпарадкаванню асобы. Таму што этыка вядзе да Бога, Які знаходзіцца па-за катэгорыямі рынку. Такія фінансісты, эканамісты і палітыкі лічаць Бога не кіравальным, а значыць небяспечным, бо Ён заклікае чалавека да поўнай рэалізацыі і незалежнасці ад рознага кшталту рабства”, - адзначыў Святы Айцец.

Звяртаючыся да дыпламатаў, Францішак заклікаў іх спрыяць адказу на гэтыя выклікі “з рашучасцю і дальнабачнасцю”. “Папа любіць усіх, багатых і бедных, але Папа мае абавязак у імя Хрыста нагадваць багатым, што павінны дапамагаць бедным, паважаць іх і дапамагаць. Папа заклікае да бескарыснай салідарнасці і вяртання да этыкі на карысць чалавека ў фінансавай і эканамічнай рэальнасцях”, - сказаў Францішак.










All the contents on this site are copyrighted ©.