2013-05-16 15:03:30

Ватыканскі кардынал: эміграцыя павінна быць асабістым выбарам, а не прымусам


RealAudioMP3 На ХХ пленарнай асамблеі Папскай рады пастырства эмігрантаў і падарожнікаў будуць узняты пытанні дапамогі ахвярам эміграцыі. На ёй 22-24 мая збяруцца 9 кардыналаў, 23 арцыбіскупы і біскупы, 20 экспертаў з цэлага свету. Старшыня Папскай рады, кардынал Антоніа Марыя Вэльё, адзначыў, што на парадку дня стаіць пытанне, як дапамагчы Святому Айцу ў яго клопаце пра найбольш патрабуючых. Дэлегаты паспрабуюць выпрацаваць інструменты дапамогі эмігрантам і скарачэння зыходу і перасялення народаў.

Ватыканскі іерарх падкрэсліў, што прымусовая эміграцыя заўсёды вядзе да парушэння фундаментальных правоў чалавека. Ён звярнуў увагу на такія з’явы, як гандаль людзьмі дзеля прастытуцыі і продажу органаў, рабства, насілле над дзецьмі, выкарыстанне іх у якасці салдат. Назваўшы Афрыку “дзеючым вулканам”, пурпурат зазначыў, што міжнародная супольнасць павінна ўсведамляць глабалізаванасць працэсу эміграцыі, ніводная краіна, падкрэсліў ён, не можа лічыць сябе выключанай з рэагавання на сітуацыі, калі парушаюцца правы чалавека.

У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё кардынал Вэльё закрануў тэму Сірыі. Ён прызнаўся, што асабіста папа Францішак заклапочаны тым, што тысячы і тысячы людзей бягуць з краіны, а праграмы міжнароднай падтрымкі для іх фінансуюцца толькі часткова. Іерарх падкрэсліў, што у намаганні ператварыць чалавецтва ў “сям’ю народаў”, Касцёл хоча засведчыць, што эміграцыя павінна быць асабістым выбарам, а не прымусам.








All the contents on this site are copyrighted ©.