2013-05-16 10:53:22

Барталамей І: мы павінны пераадолець цяжкасці на дарозе экуменізма


RealAudioMP3 Патрыярх Канстантынопальскі спадзяецца, што яго сумесная з папам Францішкам пілігрымка ў Іерусалім сапраўды адбудзецца. Яна запланавана на студзень 2014г. У інтэрв’ю парталу “Vatican Insider” праваслаўны іерарх адзначыў, што, будучы у Ватыкане з нагоды інаўгурацыі цяперашняга пантыфікату, ён запрасіў Папу разам наведаць Святую Зямлю. Паводле яго, гэта добрая нагода адзначыць 50-ю гадавіну гістрыячнай сустрэчы ў Іерусаліме паміж Паўлам VI і Патрыярхам Афінагорам у студзені 1964 г., вынікам якой стала зняцце ўзаемных экскамунік, накладзеных падчас Вялікай схізмы 1054 года.
Барталамей І станоўча адзначыў і назваў вельмі важнымі для экуменічнага дыялогу першыя крокі, зробленыя Пантыфікам. Тое, што Францішак называе сябе перш за ўсё Біскупам Рыма, можа адыграць важную ролю ў дыялогу паміж двума Цэрквамі, лічыць Патрыярх. Ён адзначыў станоўчую рэакцыю, якую выклікала ў праваслаўным свеце прызначэнне Папам кансультацыйнай рады з васьмі кардыналаў. “Гэта выбар, які сведчыць аб калегіяльнасці, што так характэрна для нашай Царквы”, - сказаў Барталамей І.

Патрыярх Канстантынопальскі перакананы, што праваслаўныя і католікі маюць шмат нагод, каб дэманстраваць перад светам сваю добрую волю і жаданне ісці наперад у экуменічным дыялогу. “Існуюць цяжкасці, у тым ліку і ўнутры праваслаўнага свету, але мы павінны іх пераадолець, каб працягваць у тым ліку і тэалагічны дыялог”, - адзначыў Барталамей І.

Прадстаяцель заканчвае свой візіт у Мілан. Тут 16 мая разам з кардыналам Анджэла Сколай ён узначаліць экуменічнае набажэнства ў базыліцы св. Амброзія Медыяланскага. Падчас візіту Патрыярха суправаджае сакратар Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству біскуп Браян Фарэл.








All the contents on this site are copyrighted ©.