2013-05-15 15:40:24

“Веру, ведаю, разумею”. Шчаслівая тая, якая паверыла. Не бойся... (ІІ)


RealAudioMP3 Мы працягваем цыкл разважанняў пад назвай “Шчаслівая тая, якая паверыла”, у рамках якога размаўляем пра веру Найсвяцейшай Панны Марыі. У мінулай, чацвёртай, праграме з гэтага цыклу, мы пахіліліся над значэннем слоў арханёла Габрыэля “не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана”. Мы ўбачылі, што страх грае значную ролю ў жыцці чалавека. Ён часта абумоўлівае паводзіны і выбары людзей. Сказаць чалавеку “не бойся”, азначае змяніць яго ідэнтычнасць – запрасіць яго па-новаму ўбачыць тое, што адбываецца. Сказаць: “не бойся”, не азначае даць гарантыю таго, што праблемы няма. Прывядзём такі прыклад: адным з самых распаўсюджаных у сённяшнім грамадстве страхаў з’яўляецца боязь адзіноты. Вельмі шмат людзей штодзённа здзяйсняюць неразумныя ўчынкі, трацяць вялікія грошы, заводзяць шмат знаёмстваў, прывязваюцца да выпадковых людзей па адной толькі прычыне – яны баяцца адзіноты.

Перад абліччам такой сітуацыі многія кажуць: “не бойся, ты абавязкова кагосьці знойдзеш”. Такім чынам, яны нібыта даюць гарантыю – цяжкасці няма, праблемы няма, усё вырашыцца і наша жаданне мець блізкага, надзейнага і любімага чалавека будзе споўнена. Але ж можа быць і не так. Здараюцца ж у жыцці розныя сітуацыі, і нават такія, калі людзі застаюцца назаўсёды ў адзіноце. Хто можа даць гарантыю, што так не будзе і ў гэтым выпадку? Ніхто. Калі я кажу: “не бойся, ты абавязкова кагосьці знойдзеш”, я гэтым падкрэсліваю страх і цяжкасць праблемы. Кажучы так, я пацвярджаю, што адзінота – гэта сапраўдная праблема.

Вера не дае гарантый падобнага кшталту. Гарантыі выбіваюць глебу з пад ног. Яны робяць нас павярхоўнымі і залежнымі ад сітуацыі. Вера, дае іншы адказ. Яна заклікае не ўцякаць ад праблемы і страху, але павярнуцца да іх тварам і сказаць: ты не можаш кіраваць маім жыццём!

Прывядзём іншы прыклад. Нажаль, у жыцці здараюцца розныя, цяжкія і балючыя сітуацыі і бывае, што хтосьці з нашых знаёмых становіцца перад абліччам цяжкай хваробы. Што сказаць яму ў такой сітуацыі? Што кажуць нармальныя людзі перад абліччам такой праблемы? Напэўна: “не хвалюйся, мы будзем маліцца за цябе, усё будзе добра...”. Сапраўды, гэта правільна. Так прынята гаварыць і так трэба рабіць. Але гэты адказ не можа быць апошнім словам. Апошнім словам будзе: “вер, што тут, у гэтай хваробе, ты знойдзеш Бога”. Хвароба, можа стаць месцам сустрэчы з Богам. Адзінота, тым больш, гэта месца сустрэчы з Богам. Мы можам пачаць уцякаць ад нашага страху, крыжа, і так пачнём уцякаць ад Езуса Хрыста, які ўзяў на сябе праблемы і мукі людзей, аднак збавіў свет праз пакуты.

Вера нам не кажа – “няма праблемы” або “нічога не здарыцца”. Словамі “не бойся” арханёл Габрыэль не закончыў сваю прамову. Ён не сказаў, “не бойся, бо нічога не здарыцца”. Нічога падобнага, бо гэта было б няпраўдай. У жыцці Марыі здарылася шмат нязручнасцяў, цяжкасцяў і болю. Яна мела інтуіцыю і прадчувала гэта, таму, паводле евангеліста Лукі, “збянтэжылася”.

Убачыўшы яе збянтэжанасць, анёл патлумачыў, чаму гэтых цяжкасцяў не трэба баяцца. Ён сказаў: “бо знайшла Ты ласку ў Пана”. Ён не сказаў, што праблемы няма, але падкрэсліў, што Бог большы за гэту праблему. Тое ж тычыцца і нашых цяжкасцяў: Бог большы за адзіноту ці хваробу, калі яны перажываюцца разам з Ім. Разам з Богам нашы цяжкасці становяцца нагодай для сустрэчы, адкуплення, прабачэння, любові.

Праблема заключаецца ў тым, каб не вымяраць нашы праблемы і страхі нашымі ўласнымі катэгорыямі. Часам праблемы могуць здавацца большымі за нас і гэта правільна. Але іх трэба параўноўваць не з сабой, а з Богам, які заўсёды побач. Ці ёсць у гэтым свеце нешта большае за Бога? Няма. Не існуе нічога, чаго б Ён не мог асвяціць і напоўніць сваёй ласкай. Ён можа перамяніць у любоў нават самую балючую і несправядлівую сітуацыю. Глядзіце, Бог з крыжовай, ганебнай, несправядлівай смерці зрабіў самую цудоўную ў гісторыі чалавецтва рэч – збавіў яго з граху і смерці.








All the contents on this site are copyrighted ©.