Што робіць Святы Дух,
каб весці Касцёл і кожнага з нас да праўды? Адказу на гэта пытанне прысвяціў сваю
катэхезу падчас агульнай аўдыенцыі 15 мая на плошчы св. Пятра папа Францішак. Святы
Айцец нагадаў, што яшчэ Бэнэдыкт XVI казаў пра распаўсюджаныя скептычныя адносіны
да існавання аб’ектыўнай праўды, пра рэлятывізм і “тэндэнцыю лічыць, што не інсуе
нічога канчатковага”, што “праўда залежыць ад кантэксту” ці ад жадання чалавека. Тут
Святы Айцец узгадаў пытанне рымскага пракуратара Понція Пілата да Езуса: “Што такое
праўда?”. “Пілат не змог зразумець, што Праўда стаяла перад ім, не змог убачыць у
Езусе аблічча праўды, аблічча Бога. Але Езус – менавіта Праўда, якая ў поўні часоў
“стала целам”, прыйшла да нас, каб мы яе пазналі. Праўда не набываецца як рэч; праўда
сустракаецца. Гэта не авалоданне, але сустрэча з Асобай”, - сказаў Папа.
Паводле
Францішка, менавіта Святы Дух дазваляе пазнаць, што Езус – гэта Слова Праўды. “Менавіта
Святы Дух, дар Хрыста Уваскроскалага, дазваляе распазнаць Праўду”, - падкрэсліў ён
і дадаў, што, каб весці Касцёл і кожнага з нас да праўды, Святы Дух накладае на сэрцы
вернікаў адбітак словаў Езуса. Яго словы, у сваю чаргу, “кіруюць нашымі штодзённымі
ўчынкамі” і становяцца “жыццёвымі прынцыпамі”. “Сапраўды, нашы ўчынкі нараджаюцца
з глыбіні нас саміх: гэта менавіта сэрца павінна навярнуцца да Бога, а Святы Дух яго
перамяняе, калі адкрываемся на Яго”, - звярнуў увагу Папа.
Пантыфік адзначыў,
што Святы Дух вядзе нас “да ўсёй праўды”: вядзе не толькі на сустрэчу з Езусам, поўняй
Праўды, але “унутр” праўды, дае магчымасць увайсці ў яшчэ большую камунію з самім
Езусам, дорачы Божае разуменне рэчаў.
“Гэтага мы не можам дасягнуць уласнымі
сіламі. Калі Бог нас не асвеціць унутрана, наша хрысціянскае сэрца будзе павярхоўным.
Традыцыя Касцёла сцвярджае, што Дух праўды дзейнічае ў нашым сэрцы адкрываючы “сэнс
веры” (...), дзякуючы чаму (...) Народ Божы, пад кіраўніцтвам Навучання, дакладна
прытрымліваецца перададзенай веры, паглыбляе яе праз правільнае разважанне і больш
поўна прыкладае да жыцця. Паспрабуем спытаць саміх сябе: ці я адкрыты на дзейнасць
Святога Духа? Ці прашу Яго, каб даў мне святло, зрабіў больш адчувальным да Божых
спраў?”, - спытаўся Папа.
Святы Айцец нагадаў пра прыклад Панны Марыі, якая
“захоўвала ўсе гэтыя словы, разважаючы іх у сэрцы”. “Прыняцце словаў і праўдаў веры,
каб яны ажыццявіліся, рэалізуецца і ўзрастае дзякуючы дзейнасці Святога Духа”, - нагадаў
Папа і заклікаў вернікаў спытаць саміх сябе: “ці сапраўды наша жыццё натхнёнае Богам?”,
“ці мы зрабілі канкрэтныя крокі, каб больш ведаць Езуса і праўды веры, чытаючы і разважаючы
над Святым Пісаннем, вывучаючы Катэхізіс, пастаянна прымаючы сакрамэнты?”. Папа Францішак
заахвоціў усіх “пастаянна пытаць сябе, якія крокі робім, каб вера кіравала нашым жыццём?”
і запрасіў не быць “часовымі” хрысціянамі, паказваючымі сваю хрысціянскую сутнасць
толькі ў выбраных сітуацыях. “Будзем хрысціянамі ў кожны момант!”, - заклікаў Пантыфік.