2013-05-14 11:14:44

Папа: эгаіст заўсёды становіцца здраднікам


RealAudioMP3 Сённяшняму хрысціяніну патрэбна “шырокае сэрца”, здольнае любіць, звярнуў увагу папа Францішак. Эгаізм, як і ў выпадку з Юдам, прыводзіць да ізаляцыі сумлення, вынікам чаго з’яўляецца здрада Езуса. Калі хтосьці сапраўды хоча ісці за Езусам, павінен не хаваць сябе, як нейкі скарб, а дарыць іншым. У сваёй гаміліі падчас ранішняй св. Імшы 14 мая Пантыфік засяродзіў увагу на кантрасце паміж любоўю і эгаізмам. Юда, адзначыў Францішак, замкнуўся ў сваёй адзіноце, і менавіта гэта эгаістычнае стаўленне вырасла “да здрады Езуса”. Эгаіст “дрыжыць над сваім жыццём, расце ў сваім эгаізме і становіцца здраднікам, але заўсёды ў адзіночку”, - падкрэсліў Святы Айцец і дадаў, што той, хто “аддае сваё жыццё за любоў, ніколі не застанецца самотным”. Акрамя таго, папярэдзіў ён, той, хто “ізалюе сябе ў сваёй эгаістычнай свядомасці”, у канцы канцоў заўсёды губляе.

Так яно і скончылася для Юды, які, паводле Папы, “быў ідалапаклоннікам, прывязаным да грошай”. “І гэта ідалапаклонства прывяло яго да ізалявання сябе ад супольнасці – гэта драма ізаляванай свядомасці”, - адзначыў Святы Айцец. “Калі хрысціянін пачынае ізаляваць сябе, ізалюе сваю свядомасць ад пачуцця супольнасці, пачуцця Касцёла, любові Езуса”, ён заўсёды губляе, так, як згубіў Юда, дадаў Папа.

Францішак заклікаў прасіць Святога Духа даць кожнаму “шырокае сэрца”, каб быць у стане любіць і вызваліцца ад шляху эгаізма, “які ў канчатковым выніку заканчваецца дрэнна”.







All the contents on this site are copyrighted ©.