2013-05-13 12:59:19

Францішак: прасіць Святога Духа аб ласцы памяці


RealAudioMP3 “Хрысціянін без памяці – гэта не сапраўдны хрысціянін”, - сказаў папа Францішак падчас Эўхарыстыі ў Доме св. Марты, якую цэлебраваў раніцай 13 мая. Сваю гамілію Пантыфік пачаў цытаваннем фрагмента з Дзеяў Апосталаў, дзе гаворыцца пра некаторых вучняў, якія “не чулі, што існуе Святы Дух”. Паводле Францішка, гэтыя словы з’яўляюцца актуальнымі таксама і для шматлікіх сучасных вернікаў. “Сёння многія хрысціяне не ведаюць, хто такі Святы Дух і які Ён. Часам можна пачуць: “Я маю добрыя адносіны з Айцом і Сынам, таму што ў “Ойча Наш” малюся да Айца, прымаю камунію з Сынам, але са Святым Духам не ведаю, што рабіць...”. Ці кажуць: “Святы Дух, гэта голуб, які дае сем падарункаў”. Так, бедны Святы Дух заўсёды застаецца на апошнім месцы і не знаходзіць належнага месца ў нашым жыцці”, - адзначыў Пантыфік.

Францішак падкрэсліў, што Святы Дух – гэта “Бог, які дзейнічае ў нас”, а адным з Яго заданняў з’яўляецца абуджэнне нашай памяці. Сам Езус казаў апосталам напярэдадні Пяцідзесятніцы, што Святы Дух нагадае ўсё, што Ім было сказана. У адваротным выпадку, хрысціянін можа стаць на “слізкі шлях”.“Хрысціянін без памяці – гэта не сапраўдны хрысціянін: гэта мужчына ці жанчына, якія знаходзяцца ў няволі кан’юктуры, моманту; не мае гісторыі. (...) Менавіта Дух вучыць нас прымаць гісторыю. (...) Памяць аб нашым жыцці, (...) памяць аб моманце, калі атрымалі ласку сустрэчы з Езусам; памяць аб усім тым, што казаў Езус”, - адзначыў Папа.

Францішак звярнуў увагу на тое, што Святы Дух вучыць памятаць пра слабасці, які робяць нас рабамі. “Калі ахоплівае пыха і пачынаеш думаць, што з’яўляешся Нобелеўскім лаўрэатам у святасці, памяць аказвае добрую паслугу кажучы: памятай, што ты быў узяты з канца статку”, - сказаў Пантыфік. Ён заклікаў у малітве прасіць Святога Духа аб ласцы памяці.








All the contents on this site are copyrighted ©.