2013-05-13 14:38:10

Кардынал Філоні: неабходна перагледзець метады місійнай працы


RealAudioMP3 Перад Касцёлам стаіць тэрміновая патрэба мадэрнізацыі метадаў евангелізацыйнай і місійнай дзейнасці, лічыць кардынал Фернанда Філоні. Ён адкрыў 13 мая ў Рыме генеральную асамблею Папскіх місійных ініцыятыў. Прэфект кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў заклікаў удзельнікаў пераглядзець свае праграмы і больш практычна рэалізоўваць некаторыя агульныя прынцыпы місійных арганізацый. Іерарх нагадаў, што многім з сабраных на асамблеі даводзіцца працаваць у драматычнай сітуацыі пераследу, беднасці, насілля і ваенных канфліктаў. Кардынал Філоні заклікаў іх вывучыць пытанне, як лепш данесці да сучаснага чалавека хрысціянскае пасланне і дапамагчы яму знайсці адказы на свае праблемы. “Гэта павінна быць рухавіком нашай місійнай дзейнасці і веры”,- адзначыў пурпурат.

Штогадовая сустрэча кіраўніцтва Папскіх місійных ініцыятыў будзе працягвацца да 18 мая. На ёй заслухаюць справаздачы і абмяркуюць праекты на будучыню. 17 мая ўдзельнікаў асамблеі прыме папа Францішак.

Папскія місійныя ініцыятывы – структура, якая аб’ядноўвае чатыры арганізацыі: Папская ініцыятыва па распаўсюджванні веры, Папская ініцыятыва св. Пятра Апостала, Папская місійная ініцыятыва па справах дзяцей і Папская місійная унія. Сёння структуры Папскіх місійных ініцыятыў існуюць у 150 краінах свету.










All the contents on this site are copyrighted ©.