2013-05-13 13:56:38

Ватыканскі іерарх: банкі і фінансы на службе супольнаму дабру


RealAudioMP3 Банкаўская і фінансавая сістэмы павінны знаходзіцца на службе супольнаму дабру, лічыць кардынал Пітэр Тарксан, старшыня Папскай рады “Iustitia et pax”. Іерарх выступіў на форуме пад назвай “Банкі для супольнага дабра. Фінансы для супольнага дабра”. Ён праходзіць 12-14 мая ў сядзібе ватыканскай дыкастэрыі пры ўдзеле некаторых міжнародных асацыяцый, якія працуюць у сферы банкаўскай этыкі. Пурпурат адзначыў, што крызіс апошніх пяці гадоў паказаў немагчымасць дасягнення вялікіх поспехаў, ігнаруючы патрэбы іншых. Сярод галоўных стратаў, якія панеслі банкі, кардынал назваў “падрыў даверу людзей” да іх. “Людзі хочуць верыць, што мэтай банкаўскай сістэмы з’яўляецца іх дабрабыт”, - падкрэсліў ён. Кардынал лічыць, што ўдзельнікі банкаўскай і фінансавай сістэм павінны ўсведамляць сваю адказнасць за супольнае дабро, захаванне міру і добрай экалагічнай сітуацыі. Пурпурат падкрэсліў, што не існуе “нябачнай рукі”, якая аўтаматычна будзе весці ўсіх да гэтых мэтаў, таму ёсць патрэба ў сумеснай і рашучай дзейнасці ў гэтым накірунку.

Кардынал Тарксан падкрэсліў, што “нерацыянальнае кіраванне фінансавай сістэмай можа мець сур’ёзныя наступствы для нефінансавых сфераў”. “Заўважым, што ўзровень еўрапейскай салідарнасці, нажаль, зніжаецца. Блізарукія пазіцыя нацыяналістычнага характару знаходзяцца на пад’ёме і пагражаюць разбурэннем усяму праекту Еўрапейскага Саюза”, - адзначыў ён. Кардынал нагадаў пра ўзаемазалежнасць эканомік краін і падкрэсліў важнасць пераадолення эгаістычных інтарэсаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.