2013-05-11 14:33:27

Папа рыхтуе вернікаў да Пяцідзесятніцы


RealAudioMP3 Папа Францішак рыхтуе сваіх чытачоў у “Твітэры” да ўрачыстасці Спаслання Святога Духа, якая будзе адзначацца 19 мая. На працягу апошніх некалькіх дзён Пантыфік скіраваў два твіт-певедамленні, прысвечаныя Трэцяй Асобе Найсвяцейшай Тройцы. У першым, якое з’явілася на яго акаўнце 9 мая, Францішак звярнуў увагу на тое, што Святы Дух дапамагае чалавеку больш давяраць Богу. “Каштоўны дар, які Святы Дух нясе ў нашы сэрцы – гэта глыбокі давер да любові і міласэрнасці Бога”, - напісаў Папа. Другі твіт быў апублікаваны вечарам 10 мая. У ім Францішак падкрэсліў, што “Святы Дух, дае нам новы позірк на іншых – мы бачым у іх братоў і сясцёр Езуса, якіх трэба паважаць і любіць”. Таксама Святому Духу была прысвечана катэхеза Пантыфіка, прамоўленая падчас агульнай аўдыенцыі 8 мая. Падчас яе, Папа параўнаў Святога Духа з жывой вадой, якая наталяе смагу чалавека па прыгожаму і добраму жыццю.








All the contents on this site are copyrighted ©.