2013-05-11 13:30:49

Не выключана, што Папа наведае Егіпет


RealAudioMP3 Папа Францішак выказаў жаданне наведаць Егіпет. Аб гэтым паведаміў Патрыярх Копцкай Праваслаўнай Царквы Тавардас ІІ пасля сустрэчы з Пантыфікам. Святы Айцец паабяцаў разглядзець магчымасць прыбыць у паўночна-афрыканскую краіну ў найбольш адпаведны тэрмін. У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё праваслаўны іерарх назваў учарашнюю сустрэчу з Папам “фантастычнай” і выказаў упэўненасць, што яна паспрыяе добрым адносінам паміж Цэрквамі. Патрыярх, адкрыты на экуменічную дзейнасць, паведаміў, што менавіта па ініцыятыве яго Царквы ў Егіпце была створана Рада Цэркваў, у якую увайшлі пяць хрысціянскіх канфесій. “Паміж намі добрыя адносіны, адбываюцца ўзаемныя візіты, сустрэчы, лекцыі, а ў бліжэйшай будучыні будуць рэалізаваны некаторыя сумесныя ініцыятывы”, - падзяліўся Тавардас ІІ. Гаворачы аб важнасці асамблеі, Патрыярх адзначыў, што яна дае магчымасць хрысціянам выказвацца адзіным голасам не толькі ў краіне, але і на ўсім Блізкім Усходзе. “Гэта для нас вельмі важна: сумесна працаваць у розных сферах. Гэта таксама важна для нашых людзей, дзе б яны не знаходзіліся”, - падкрэсліў копцкі іерарх.








All the contents on this site are copyrighted ©.