2013-05-11 13:36:50

Кардынал Равазі асудзіў культ “Санта Муэртэ”


RealAudioMP3 “Гэта блюзнерскі культ, а не рэлігія”, - так кардынал Джанфранка Равазі выказаўся адносна культу “Санта Муэртэ” (Святая Смерць), шырока распаўсюджанага ў Мексіцы, палягаючага на пашане да аднайменнага бажаства, якое персаніфікуе смерць. Яго прапагандаванне часта звязваюць з крымінальнымі коламі гандляроў наркотыкамі. Выступаючы ў Мехіка пасля сутрэч ў рамках ініцыятывы “Падворак язычнікаў”, якія праходзілі тут 8-9 мая, пурпурат назваў падобныя практыкі “антырэлігійнымі”. “Рэлігія цэлебруе жыццё, а тут ёсць толькі смерць. Не дастаткова надаць рэлігійную форму, каб нешта стала рэлігіяй. Гэта – блюзнерства”, - сцвердзіў старшыня Папскай рады па культуры.

Кардынал скіраваў ясны сігнал перш за ўсё да моладзі краіны, дзе толькі за апошнія 6 гадоў 70 тыс. чалавек сталі ахвярамі наркатрафіку; “мафія, гандаль наркотыкамі і арганізаваная злачыннасць не маюць рэлігійных аспектаў, не маюць нічога супольнага з рэлігіяй, нават калі выкарыстоўваюць выяву Святой Смерці”, - падкрэсліў ватыканскі іерарх.

Прыхільнікі “Санта Муэртэ” лічаць, што малітвы, звернутыя да Смерці здольная выконваць жаданні. З гэтай мэтай узводзяцца капліцы, статуі бажаства і здзяйсняюцца ахвярапрынашэнні, а найбольш фанатычныя прадстаўнікі культу часам нават здзяйсняюць рытуальныя забойствы ў гонар “Санта Муэртэ”. Мексіканскія ўлады ў апошнія гады выступаюць рэзка супраць распаўсюджанню культу смерці.








All the contents on this site are copyrighted ©.