2013-05-10 13:28:13

Святы Айцец сустрэўся з праваслаўным Патрыярхам Тавардасам ІІ


RealAudioMP3 10 мая папа Францішак сустрэўся з Патрыярхам Копцкай Праваслаўнай Царквы Тавардасам ІІ. Візіт іерарха адбыўся ў 40-ю гадавіну падпісання хрысталагічнай дэкларацыі паміж Каталіцкім Касцёлам і Копцкай Праваслаўнай Царквой. Гэта падзея адбылася ў 1973 г. у Ватыкане. Францішак назваў яе важнай вехай на экуменічным шляху. Ён нагадаў пра стварэнне спецыяльнай Камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Цэрквамі, якая “прынесла добрыя вынікі і падрыхтавала глебу для больш шырокага дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і усёй сям’ёй Усходніх Праваслаўных Цэркваў”. “Мы рады магчымасці пацвердзіць сёння ўсё тое, што нашы слаўныя папярэднікі ўрачыста абвясцілі, мы рады прызнаць сябе паяднанымі адзіным хростам, асаблівым выразам чаго з’яўляецца наша супольная малітва аб наступленні таго дня, калі, спаўняючы жаданне Пана, мы зможам паяднацца ў адзіным келіху”, - сказаў Святы Айцец.

Францішак выразіў перакананасць у тым, што “пад кіраўніцтвам Святога Духа і дзякуючы пастаяннай малітве, дыялогу і жаданню дзень за днём будаваць адзінства”, можна зрабіць новыя і важныя крокі ў накірунку поўнай еднасці.

Гаворачы пра сітуацыю ў Егіпце Папа адзначыў што вітае адкрытасць Патрыярха Тавардаса ІІ на дыялог з Копцкай Каталіцкай Царквой. Акрамя таго, ён закрануў праблему пераследу хрысціян на Блізкім Усходзе нагадаўшы пра “экуменізм мучанікаў”. “Як кроў мучанікаў стала зернем сілы і плённасці для Касцёла, так дзяленне ў штодзённых пакутах можа стаць эфектыўнай прыладай адзіснтва”, - сказаў Папа і дадаў, што ад супольнага перажывання пакутаў, “могуць прарасці, з Божай дапамогай, прабачэнне і прымірэнне”.








All the contents on this site are copyrighted ©.