2013-05-09 14:33:50

Святы Пасад атрымаў правы на даменную зону “.католик”


RealAudioMP3 Міжнародная карпарацыя па размеркаванні адраснай прасторы інтэрнэту (ICANN) ухваліла заяўку Святога Пасаду на дамен верхняга ўзроўню на кірыліцы “.католик”. Папская рада па сродках масавай камунікацыі паведаміла, што імёны ў гэтай даменнай зоне не будуць выдзяляцца прыватным карыстальнікам і блогерам. У ёй будуць прадстаўлены дыяцэзіі, парафіі і іншыя афіцыйныя структуры. Гэта робіцца для таго, каб карыстальнік, які набірае адрас такога сайта, быў упэўнены, што мае справу не з нейкімі нефармальнымі арганізацыямі ці супольнасцямі, якія выдаюць сябе за католікаў, а менавіта з Каталіцкім Касцёлам. У сваёй заяўцы прадстаўнікі Святога Пасаду таксама ясна акрэслілі, што дамены другога ўзроўню ў дадзенай зоне прадавацца не будуць.

Трэба адзначыць, што раней Міжнародная карпарацыя па размеркаванні адраснай прасторы інтэрнэту ўжо зацвердзіла заяўкі Святога Пасаду на аналагічныя дамены ў арабскім і кітайскім напісанні. Пакуль не задаволена просьба адносна даменнай зоны на лацінцы “.catholic”.

Стаўленне Каталіцкага Касцёла да інтэрнэту за апошнія гады значна змянілася, што можна заўважыць па змесце двух афіцыйных дакументаў Папскай рады па сродках масавай камунікацыі “Касцёл і інтэрнэт" і “Этыка ў інтэрнэце”. Адбыўся пераход ад стаўлення да інтэрнэту як да прылады, якой Касцёл можа карыстацца ці не карыстацца, да ўсведамлення, што гэта асяроддзе, дзе мы ўсе жывём, і яно мае патрэбу ў евангелізацыі, у адкрытай і адказнай касцёльнай прысутнасці.







All the contents on this site are copyrighted ©.