2013-05-09 14:59:40

Святы Айцец за Касцёл – пакорны і адкрыты


RealAudioMP3 Адным з новаўвядзенняў пантыфікату папы Францішка стала ранішняя св. Імша ў капліцы Дома св. Марты, якую ён штодзённа цэлебруе ў прысутнасці супрацоўнікаў розных ватыканскіх дыкастэрый і ўстаноў. У сваіх гаміліях, ужо на працягу амаль двух мясяцаў, Пантыфік разважае пра вобраз Касцёла, яго ідэнтычнасць і місію. Паводле Папы, Касцёл павінен быць пакорным і адважным, слухаючым Святога Духа, павінен быць адкрытай супольнасцю любові, а кожны ахрышчаны мае “вялікую адказнасць” за тое, каб абвяшчаць Хрыста і “весці Касцёл наперад”. Менавіта пра гэта казаў Святы Айцец падчас Эўхарыстыі 3 мая. “Калі Касцёл губляе адвагу, у яго ўваходзіць атмасфера “цёпласці”. “Цёплыя” хрысціяне – яны без адвагі... Гэта вельмі шкодзіць Касцёлу, таму што “цёпласць” цягне назад: паміж намі пачынаюцца праблемы, мы губляем гарызонты, не маем адвагі ў малітве да Неба і ў абвяшчэнні Евангелля”, - адзначыў Пантыфік.

Паводле Святога Айца, напоўніцца адвагай можна праз прыняцце Божага Слова, калі будзем падатлівымі і адкрытымі на дзейнасць Святога Духа. У такім выпадку Касцёл становіцца супольнасцю, якая з’яўляецца часткай гісторыі любові Хрыста, звярнуў увагу Папа 24 красавіка ў капліцы Дому св. Марты. “Мы, мужчыны і жанчыны Касцёла, уключаны ў гэту гісторыю: кожны з нас з’яўляецца звяном у гэтым ланцугу любові. І калі не разумеем гэтага, то не разумеем нічога аб тым, што такое Касцёл”, - сказаў ён.

Не засталася без увагі Францішка і тэма рызыкаў у хрысціянкім жыцці. Пра гэта ён казаў падчас літургіі 30 красавіка. Тут размова ідзе пра жаданне будаваць Касцёл згодна з нашым уласным уяўленнем. Паводле Пантыфіка, шлях Езуса не мае нічога супольнага з ідэалогіямі і маралізатарствам, якія фальсіфікуюць Евангелле. Яшчэ адна рызыка тычыцца пранікнення духа гэтага свету ў Касцёл. “Гэта самая вялікая небяспека! Калі Касцёл становіцца свецкім, калі мае ўнутры сябе дух свету, калі мае той спакой, што не ад Бога паходзіць. (…) Касцёл становіцца слабым, Касцёл будзе пераможаны і няздольны несці Евангелле, пасланне крыжа, правакацыю крыжа”, - сказаў тады Папа.

Адна з галоўных думак Святога Айца, якая прасочваецца ва ўсіх яго гаміліях, заключаецца ў важнасці ўсведамлення сучасным хрысціянінам таго, што Касцёл, гэта не бюракратычная ўстанова, але Маці.








All the contents on this site are copyrighted ©.