2013-05-09 12:47:03

Еўрапейскія біскупы пра значэнне Дня Еўропы


RealAudioMP3 Касцёл у Еўропе выражае сваю салідарнасць з тымі, хто перажывае цяжкасці, звязаныя з эканамічнымі праблемамі і крызісам веры. Пра гэта гаворыцца ў спецыяльным паведамленні Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы ў сувязі з Днём Еўропы, які адзначаецца на кантыненце 9 мая. Каталіцкія іерархі заклікалі еўрапейцаў, нягледзячы на існуючыя цяжкасці, з адвагай глядзець ў будучыню і не губляць надзеі. “У гэты Год веры з поўнай перакананасцю нагадваем словы з адгартацыі Яна Паўла ІІ “Ecclesia in Europa”: “Езус Хрыстус – крыніца надзеі для Еўропы”, - гаворыцца ў паведамленні. Еўрапейскія біскупы заклікалі “не дазволіць, каб страхі і эгаізм засланілі сабой любоў, якая заўсёды адрознівала наш кантынент”, а таксама “адкрыць важнасць сям’і, каштоўнасць дару і гасціннасці, робячы самых патрабуючых нашымі бліжнімі”.

Рада Біскупскіх Канферэнцый Еўропы выказала падзяку ўсім, хто спрыяе развіццю дабрачынных ініцыятыў на мясцовым, нацыянальным і міжнародным узроўнях. “Дапамога, якую яны аказваюць, з’яўляецца клапатлівым і канкрэтным адказам на многія матэрыяльныя патрэбы, але таксама знакам даверлівай любові Бога, які ў Езусе Хрысце стаў блізкім да ўсіх”, - гаворыцца ў паведамленні.

Таксама іерархі заклікалі ўсіх хрысціян, якія жывуць на кантыненце, выкарыстаць Дзень Еўропы у якасці нагоды для разважання над спосабамі пабудовы еўрапейскага грамадства, адкрытага на Абсалют і важнасць праўды, справядлівасці, салідарнасці і свабоды.








All the contents on this site are copyrighted ©.