2013-05-08 16:03:34

“Веру, ведаю, разумею”. Шчаслівая тая, якая паверыла. Не бойся...


RealAudioMP3 Мы працягваем цыкл разважанняў пад назвай “Шчаслівая тая, якая паверыла”, у рамках якога размаўляем пра веру Найсвяцейшай Панны Марыі. Як і ў трох папярэдніх праграмах, асновай для нашай размовы будзе служыць першы раздзел Евангелля паводле св. Лукі, а менавіта апавяданне пра сустрэчу Панны Марыі з арханёлам Габрыэлем. Пасля таго як анёл прывітаў Марыю, “яна збянтэжылася ад словаў ягоных і разважала, што гэта за прывітанне”. Убачыўшы гэта, Габрыэль сказаў: “Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана”.

Што адбылося ў той момант? Пасланнік Божы, прыбыў да Панны Марыі. Гэта значыць, што Бог пачаў уваходзіць у яе жыццё. Калі так адбываецца, стары, звыклы для нас жыццёвы парадак змяняецца. Канешне, усведамленне таго, што Неба ўваходзіць у маё жыццё і адбываецца нешта вельмі важнае можа збянтэжыць, спалохаць. На старонках Бібліі вельмі часта можна ўбачыць, што сустрэча з Богам выклікала збянтэжаннасць тых ці іншых асоб. Яна звязана з усведамленнем таго, што жыццё набывае новы накірунак. Ніхто не ведае, што гэта будзе за накірунак. Адзінае, што зразумела, гэта тое, што мой прывычны лад жыцця будзе разбураны. Бог будзе разбураць нашы прывычныя жыццёвыя схемы, бо інакш мы не зможам пакінуць тую кропку, у якой знаходзімся. Так Бог уваходзіць у жыццё чалавека.

Св. Лука апавядае, што перад абліччам гэтай рэальнасці Марыя “пачала разважаць” над прывітаннем Габрыэля. Першае, што цікава, Евангеліст дазваляе ўвайсці ў сэрца Марыі – прачытаць, што яна адчувала ў той момант, аб чым думала. Гэта вельмі каштоўны дар гэтага біблійнага тэкста. Іншы аспект, на які варта звярнуць увагу, тычыцца таго, што евангеліст падкрэслівае сувязь веры з розумам: Марыя “пачала разважаць, што гэта за прывітанне”. Вера не з’яўляецца ірацыянальнай ці абсурднай, як раз наадварот. Марыя задзейнічала адну з самых шляхетныя якасцяў чалавека – здольнасць думаць. Вера заўсёды патрабуе разважання. Гэта неабходна, каб даць правільны адказ на тое, што адбываецца, каб зразумець, які план Бог мае для мяне. Для гэта трэба задзейнічаць усе нашы здольнасці і ў першую чаргу – розум.

Варта звярнуць увагу на яшчэ адзін аспект – арханёл сказаў Марыі: “Не бойся”. На старонках Бібліі анёлы заўсёды звяртаюцца да людзей з гэтымі словамі. Чаму? Таму што, калі гаворка ідзе пра веру, мы сустракаемся з самым яе галоўным ворагам – страхам. Страх мае вялікае значэнне ў жыцці чалавека. Можна спытаць пра гэта ў любога псіхатэрапеўта. Ён адкажа, што менавіта страх часта абумоўлівае паводзіны і жыццёвую пазіцыю чалавека. Многія нашы ўчынкі, якія нам здаюцца абсалютна свабоднымі, у рэальнасці з’яўляюцца адказам на нашы страхі. Часта людзі кажуць, што страх іх блакуе і не дазваляе дзейнічаць, але на самой справе гэта здараецца вельмі рэдка. На самой справе страх часцей падштурхоўвае рабіць тыя ці іншыя рэчы. Праблема ў тым, што ён падштурхоўвае да пошуку выйсця з сітуацыі, пазбягання цяжкасцяў, звязаных з ёй: прагуляць заняткі ва ўніверсітэце са страху перад кантрольная работай, пакінуць дзяўчыну са страху перад адказнасцю, адкласці працу са страху перад цяжкасцямі, звязанымі з яе выкананнем і многае іншае. Страх – заўсёды звязаны з уцёкам ад сітуацыі.

Сказаць чалавеку: “не бойся” – азначае дапамагчы яму змяніцца, дапамагчы перамагчы самыя глыбокія праблемы, якія ён носіць унутры сябе. Для гэтага важнай з’яўляецца вера. Чаму? Аб гэтым мы пагаворым у нашай наступнай праграме.








All the contents on this site are copyrighted ©.