Францішак пераадолее 19 тыс. км падчас свайго першага замежнага падарожжа
Папа Францішак пераадолее
каля 19 тыс. кіламетраў падчас свайго першага замежнага апостальскага падарожжа ў
Бразілію 22-28 ліпеня 2013 г. Ужо вядома, што падчас пілігрымкі на лацінаамерыканскі
кантынент Пантыфік 13 разоў звернецца да вернікаў: скіруе 3 гаміліі, 9 прамоў і адзін
прывітальны зварот. Хоць галоўнай мэтай падарожжа Папы стануць Сусветныя дні моладзі,
яно атрымала больш шырокае вымярэнне. У рамках сваёй пілігрымкі папа Францішак наведае
12 розных месцаў, сярод якіх санктуарый у Апарэсідзе, дзе 24 ліпеня ён узначаліць
першую св. Імшу. Францішак стане трэцім Пантыфікам, які наведае гэты славуты марыйны
санктуарый. Раней гэта зрабілі Ян Павел ІІ – у 1980 г. і Бэнэдыкт ХVI – у 2007 г.
Францішак падтрымае традыцыю сваіх папярэднікаў і надасць падарожжу таксама палітычнае
вымярэнне: у яго праграме прадугледжаны візіт ветлівасці да Прэзідэнта Бразіліі Дзільмы
Русэф.