2013-05-08 11:00:10

Святы Дух наталяе прагу поўнага і добрага жыцця


RealAudioMP3 Святы Дух, як жывая вада, здольны наталіць глыбокае жаданне святла, любові, прыгажосці і дабра, адзначыў папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 8 мая. Менавіта трэцяй асобе Найсвяцейшай Тройцы прысвяціў сваю катэхезу Пантыфік. Ён нагадаў, што на заканчэнне пасхальнага перыяду Касцёл узгадвае пра спасланне Святога Духа на Марыю і апосталаў, сабраных у вячэрніку. Паводле Папы, Святы Дух наталяе прагу поўнага і добрага жыцця. “Чалавек усіх часоў і месцаў жадае поўнага, прыгожага, справядлівага і добрага жыцця. Жыцця, якому не будзе пагражаць смерць, якое можа сталець і ўзрастаць аж да сваёй поўні. Чалавек, як вандроўнік, які, праходзячы праз пустыні жыцця, мае прагу вады жывой, свежай, струмяністай, здольнай знутры наталіць яго глыбокае жаданне святла, любові, прыгажосці і спакою. Мы ўсе адчуваем гэта жаданне! А Езус дорыць нам гэту жывую ваду: ёй з’яўляецца Святы Дух, які паходзіць ад Айца і якога Езус вылівае ў нашы сэрцы”, - падкрэсліў Папа.

Францішак адзначыў, што “жывая вада”, Святы Дух, неабходны каб наша жыццё кіравалася, натхнялася і насычалася Богам. “Калі мы кажам, што хрысціянін – гэта духоўны чалавек, маем на ўвазу менавіта гэта: хрысціянін гэта асоба, якая думае і дзейнічае паводле Бога, паводле Святога Духа”, - сказаў Папа і спытаў: “А мы, ці думаем паводле Бога? Ці дзейнічаем паводле Бога? Або можа дазваляем, каб намі кіравалі іншыя рэчы, а не Бог?”.

Святы Айцец таксама нагадаў, што вада з’яўляецца фундаментальна важнай для жыцця – яна насычае, абмывае, робіць плённай зямлю. “Жывая вада, Святы Дух, Дар Уваскрослага, які селіцца ў нас – ачышчае, асвячае, абнаўляе і перамяняе нас, каб мы ўдзельнічалі ў жыцці самаго Бога, які ёсць Любоў. Таму апостал Павел сцвярджае, што жыццё хрысціяніна ажыўляецца Духам і прыносіць плёны, якімі з’яўляюцца “любоў, радасць, спакой, вялікадушнасць, добразычлівасць, дабро, вернасць, лагоднасць і стрыманасць”, - сказаў Пантыфік.

Францішак таксама падкрэсліў, што дзякуючы Духу Святому мы пачынаем па па-новаму глядзець на іншых, блізкіх і далёкіх.

“Дух Святы вучыць нас глядзець вачыма Хрыста, і пражываць жыццё так як яго пражываў Хрыстус, разумець жыццё, як яго разумеў Хрыстус. Вось чаму жывая вада, якой з’яўляецца Святы Дух, насычае наша жыццё. Бо кажа нам, што Бог нас любіць як сыноў, што мы можам любіць Бога як Яго сыны і што дзякуючы Яго ласцы можам жыць як сыны Божыя, як Езус. А мы слухаем Святога Духа? Што нам кажа Святы Дух? “Бог цябе любіць” – Ён кажа гэта! Бог цябе любіць.”, - сказаў Папа.

Закончыў сваю катэхезу папа Францішак пытаннем: “Ці сапраўды мы любім Бога і іншых, як Езус?”.








All the contents on this site are copyrighted ©.