2013-05-08 11:59:11

Пантыфік: законнае жыццё – гэта “зыход” ад сябе


RealAudioMP3 Святы Айцец сустрэўся 8 мая з членамі Міжнароднага аб’яднання генеральных настаяцельніц, пасяджэнне якога 3-7 мая праходзіла ў Рыме. Каля 800 законніц з 75 краін размаўлялі на тэму: “Служэнне ўлады паводле Евангелля”. Пантыфік параўнаў манаскае жыццё да “зыходу” ад сябе. Адбываецца гэты “зыход”, паводле Папы, для распачацця шляху глыбокай адарацыі і служэння. Менавіта гэтыя два элементы, на яго думку, непадзельныя ў жыцці касэкраваных асоб. Ажыццяўленне ўлады Францішак параўнаў да поўнага адмаўлення ад сябе.

Пантыфік нагадаў аб яшчэ адным элеменце паклікання законніц – паслухмянасці. Яна звязана непасрэдна з выкананнем Божай волі і адбываецца ў манаскіх супольнасцях праз пасярэдніцтва людзей. Паводле Святога Айца, паслухмянасць трэба заўсёды разглядаць у кантэксце служэння Касцёла і рэалізацыі яго функцый. Манаская беднасць, у сваю чаргу, дапамагае пераадолець любые формы эгаізму і жыць паводле логікі Евангелля, звярнуў увагу Францішак. Нам непатрэбна “тэарэтычная беднасць”, сказаў ён і заклікаў законніц вучыцца сапраўднай беднасці, ідучы да самых пакрыўджаных у гэтым свеце. Пантыфік нагадаў, што, абіраючы “чыстасць для Валадарства Нябеснага”, законніцы дэманструюць сталую свабоду і прыкметы будучага свету. Ён заўважыў, што кансэкраванае жыццё адзначана “духоўнай плоднасцю”, а кожная законніца з’яўляецца маці на ўзор Марыі і Маці-Касцёла.

Папа Францішак нагадаў настаяцельніцам, што “рэальная ўлада на любым узроўні, гэта служэнне, вяршыняй якога з’яўляецца Крыж. Улада ў вачах Бога заўсёды атаясамліваецца з пакорай і любоўю, адзначыў Пантыфік. Ён з жалем заўважыў, што Касцёл пакутуе ад кар’ерыстаў, якія “выкарыстоўваюць” яго як “трамплін” для дасягнення ўласныя інтарэсаў і асабістых амбіцый.

Да “адчування” з Касцёлам заклікаў Святы Айцец настаяцельніц законных супольнасцяў. Гэта “адчуванне”, паводле яго, знаходзіць свой выраз у вернасці каталіцкаму навучанню, зносінах з біскупамі і Наступнікам св. Пятра. Папа заклікаў кіраўніцтва манаскіх супольнасцяў да клопату аб здаровай дактрыне “у духу Касцёла”. Вяршэнства Хрыста і Яго Евангелля, улада як служэнне любові і “адчуванне” з Касцёлам і ў Касцёле: тры элементы, на якія, паводле Пантыфіка, павінны звярнуць увагу сучасныя законніцы.

“Будзьце радасныя, бо цудоўна ісці за Езусам, цудоўна станавіцца жывой іконай Багародзіцы і нашай святой іерархічнай Маці-Касцёла”, - сказаў на заканчэнне папа Францішак.

Сёння ў свеце існуе каля 2 тыс. жаночых манаскіх кангрэгацый, да якіх належыць каля 700 тыс. законніц.







All the contents on this site are copyrighted ©.