2013-05-06 10:46:29

Новыя рэкруты Швейцарскай гвардыі складуць прысягу Пантыфіку


RealAudioMP3 Кожны год 6 мая наваабранцы Папскай швейцарскай гвардыі складаюць прысягу на вернасць Святому Айцу: “служыць яму верна, аддана і сумленна”. Гэтая цырымонія традыцый праходзіць 6 мая. Менавіта ў гэты дзень у 1527 г.адбылася бітва гвардзейцаў з 20-ці тысячнай арміяй імператара Карла V. Абараняючы Папу Клімента VII,147 гвардзейцаў аддалі жыццё. Дзякуючы гераізму швейцарскіх салдатаў Пантыфік здолеў укрыцца ў замку Святога Анёла і не трапіць у палон.

Сярод 35 рэкрутаў, якія сёння прымуць прысягу: 28 паходзіць з нямецкамоўнай часткі Швейцарыі, 6 з французскай і адзін з італьянскай. “Мы з’яўляемся ахоўнікамі і сведкамі радасці вернікаў у вельмі прыгожы момант для Касцёла”, - сказаў камендант Швейцаркай гвардыі, палкоўнік Данель Анрыг. Ён падкрэсліў, што зараз на плошчы св.Пятра пануе атмасфера вялікай радасці ў сувязі з абраннем на Пасад св. Пятра кардынала Берголіа. “ Прадстаўнікі Швейцарскай гвардыі некалькі дзён таму прынялі ўдзел у св.Імшы, цэлебраванай Папам у Доме св. Марты. Падчас яе Францішак, звяртаючыся да іх, сказаў: Касцёл жадае вам усяго найлепшага, таксама і я”, - нагадаў словы Францішка камендант Швейцарскай гвардыі Данель Анрыг.

На ўрачыстасці прысягі ў Ватыкане, будуць прысутнічаць некаторыя кардыналы, прадстаўнікі Рымскай Курыі і шматлікія госці. Спецыяльна на ўрачыстасць у Ватыкан прыбыў Прэзідэнт Швейцарыі Улі Маўрэр.








All the contents on this site are copyrighted ©.