Кардынал Бэртонэ перадаў падзяку Папы сем'ям гвардзейцаў
Раніцай 6 мая кардынал
Дзяржсакратар Тарчызіо Бэртонэ цэлебраваў св.Імшу ў базыліцы св.Пятра. На ёй прысутнічалі
Папскія гвардзейцы і госці свята прывядзення да прысягі новай групы ахоўнікаў Пантыфіка.
У асноўным – гэта члены іх сем’яў. Ім, асабліва маці, сёстрам, бабулям, а таксама
жонкам і дочкам афіцэраў перадаў пурпурат прывітанне папы Францішка. Прыпамінаючы
ў гаміліі гераізм у руху гісторыі з боку абаронцаў Папаў, кардынал нагадаў постаці
выхавацельніц ахвярных ахоўнікаў наступніка Пятра і веры, а таксама іх верных сябровак.
Такою увайшла ў гісторыю палка Элізабэта Клінглэр, жонка камандзіра Папскіх гвардзейцаў
Каспара Ройста, на вачах якой яго забівалі, а яна сваім целам прыкрывала параненага,
а потым забітага мужа і была сама цяжка паранена 6 мая 1527г. Пурпурат адзначыў
таксама ўклад і блізкасць да службы гвардзейцаў законніц-альберцінак. “Не менш
моцы патрабуе штодзённая падтрымка з боку сям’і швейцарскім гвардзейцам для ідэальнага
выканання нялёгкага абавязку нават у мірныя часы, ” - адзначыў цэлебрант. Таму, калі
афіцэры Папскай швейцарскай гвардыі атрымліваюць дазвол ажаніцца, сваю вернасць Святому
Пасаду сцвярджаюць на працягу стагоддзяў і шматлікія жанчыны, якія непрыкметна, цаною
многіх ахвяраванняў, падтрымліваюць сваіх жаніхоў і мужоў. “Святы Айцец асабіста
папрасіў перадаць усім вам сваю падзяку з пажаданнем мужнасці”, - завяршыў зварот
да байцоў старажытнейшага з вайсковых падраздзяленняў свету і іх сем’яў кардынал Бэртонэ,
падкрэсліўшы, што Францішак першым дае прыклад, так неабходны для добрай службы, –
даверлівай пакоры, “укарэненай на веры ў Бога, якая бясконца любіць і прабачае”.