2013-05-03 13:30:00

Францішак сустрэўся з Прэзідэнтам Лівана


RealAudioMP3 3 мая папа Францішак прыняў на аўдыенцыі Прэзідэнта Лівана Мішэля Сулеймана, які затым сустрэўся з кардыналам Дзяржсакратаром Тарчызіо Бэртонэ, у суправаджэнні сакратара па адносінах з дзяржавамі арцыбіскупа Дамініка Мамбэрці. “Падчас сардэчнай размовы абмяркоўвалася сітуацыя ў краіне, падкрэслівалася важнасць дыялога і супрацоўніцтва паміж членамі розных этнічных і рэлігійных супольнасцяў, якія з’яўляюцца часткай грамадства і ўяўляюць сабой багацце, важнае для супольнага дабра, развіцця і стабільнасці ў краіне”, - гаворыцца ў спецыяльным паведамленні залы Друку Апостальскай Сталіцы, апублікаваным пасля заканчэння сустрэчы. Падкрэсліваецца, што Францішак выразіў найлепшыя пажаданні ў сувязі з фарміраваннем новага ўраду, якому будзе наканавана “адказаць на важныя выклікі на нацыянальным і міжнародным узроўнях”.

Асаблівую ўвагу удзельнікі сустрэчы звярнулі на сітуацыю ў рэгіёне, у прыватнасці на канфлікт у Сірыі. Яны выразілі заклапочаннасць лёсам вялікай колькасці бежанцаў, якія шукаюць прытулку ў Ліване і суседніх краінах, а таксама ўсяго насельніцтва гэтай краіны, якая напрацягу амаль двух гадоў пакутуе ад насілля і войнаў. Папа і Прэзідэнт Лівана пагадзіліся ў неабходнасці павялічэння гуманітарнай дапамогі насельніцтву гэтай краіны і падтрымцы міжнароднай супольнасці.

Акрамя сірыйскай праблемы, у цэнтры ўвагі ўдзельнікаў сустрэчы былі адносіны паміж ізраіліцянамі і палестынцамі. Было выказана пажаданне аднаўлення перамоваў паміж гэтымі народамі дзеля дасягнення міра і стабільнасці ва ўсім рэгіёне.

Нарэшце, Францішак і Мішэль Сулейман, закранулі сітуацыю хрысціян на ўсім Блізкім Усходзе. Падкрэслівалася важнасць накірункаў вызначаных Бэнэдыктам XVI у Апостальскай адгартацыі “Касцёл на Блізкім Усходзе”, падпісанай ў Ліване падчас падарожжа Пантыфіка ў гэту краіну восенню 2012 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.