2013-05-01 12:47:54

“Веру, ведаю, разумею”. Шчаслівая тая, якая паверыла. Вітай Марыя...


RealAudioMP3 Мы працягваем цыкл разважанняў пад назвай “Шчаслівая тая, якая паверыла” прысвечаны веры Найсвяцейшай Панны Марыі. У мінулых праграмах, абапіраючыся на апавяданне св. Лукі Евангеліста, мы параўналі веру Маці Божай з верай яшчэ аднаго біблійнага персанажа, Захарыі. Мы ўбачылі, што Марыя, трымала сваё сэрца заўсёды адкрытым на дзейнасць Бога і пачуўшы словы арханёла Габрыэля, адразу адказала “так”. У сваю чаргу, Захарыя, імкнуўся напачатку зразумець сітуацыю і толькі потым прыняць рашэнне.

Сёння мы звернем увагу на іншы аспект, звязаны з сустрэчай Панны Марыі і арханёла Габрыэля. Таксама як і ў мінулых праграмах, ён нам падкажа нам нешта каштоўнае для таго, каб зрабіць нашу веру больш жывой і моцнай.

У Евангеллі паводле св. Лукі апавядаецца: “У шосты месяц Бог паслаў анёла Габрыэля ў горад галілейскій, называны Назарэт, да Дзевы, заручанай з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда, а імя Дзевы – Марыя. Алён, увайшоўшы да яе, сказаў: “Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою”.

Першае, на што важна звярнуць увагу ў гэтым апавяданні – гэта тое, што Бог першы звярнуўся да Марыі. Евангеліст падкрэсліў, што “Бог паслаў анёла Габрыэля”. Так заўсёды бывае ў нашым жыцці. У тым, што тычыцца нашай веры ініцыятыва заўсёды паходзіць ад Бога. Вера – гэта ініцыятыва Бога. Канешне, нашы намаганні з’яўляюцца важнымі і каштоўнымі. Яны рыхтуюць нас да таго, каб адказаць усім сэрцам на гэту ініцыятыву. Але да канца, мы не можам усяго. Мы можам прыкладаць шмат старанняў, каб змяніцца і ўваходзіць у кантакт з Панам, але каб па-сапраўднаму зрабціь гэта патрэбна ініцыятыва Бога. Таму, важна быць вельмі ўважлівымі да таго, што ў нашым жыцці залежыць ад Яго. Дзе тыя месцы ў нашым жыцці ў якіх фундаментальна неабходна Яго прысутнасць.


Другі важны аспект, які можна заўважыць у гэтым кароткім евангельскім фрагменце, тычыцца прыроды арханёла Габрыэля. Само слова “анёл” азначае “пасланнік”. Габрыэль быў пасланнікам Божым. Гэта дае нам магчымасць зразумець, што каб наша вера стала жывой нам неабходны нехта іншы побач. Бог вельмі часта карыстаецца пасярэднікамі – анёламі. Гэтыя анёлы могуць быць як бачнымі так і нябачнымі. Часам гэта тыя людзі, якія абвяшчаюць нам веру і знаёмяць з ёй. Такімі “анёламі” для нас могуць быць бацькі, сябры, родныя, святары, катэхеты, выпадковыя людзі.

Дык вось, першыя два важныя аспекты, якія мы ўбачылі ў апавяданні св. Лукі гэта: Божая ініцыятыва і пасярэднікі, якія дапамагаюць расці ў веры.

У дадзеным фрагменце можна звярнуць увагу яшчэ на адзін цікавы момант: Евангеліст у дэталях апавядае, што Габрыэль прыбыў у горад галілейскій, называны Назарэт, да Дзевы, заручанай з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда, а імя Дзевы – Марыя. Робіцца канкрэтнае ўказанне на тое, што Марыя з’яўляецца Дзевай. Яна не проста дзяўчынкай, але Дзева – чалавек сталы, які прыняў у жыцці канкрэтнае рашэнне.

Знешне, сустрэча з анёлам не змяніла ў жыцці Марыі многа. Яна засталася Дзевай – фізічна яна была тым жа чалавекам што і раней. Але змянілася нешта больш глыбокае. Яна змянілася ўнутрана. У ёй пасяліўся Бог. Вера, не абавязкова патрабуе нашай знешняй перамены, не абавязкова патрабуе змены роду нашых заняткаў, але патрабуе нашай унутранай перамены.

Нарэшце, звяртаючыся да Панны Марыі арханёл Габрыэль, прывітаў яе традыцыйным зваротам, які можна перакласці як “вітай” ці “радуйся”, але дапоўніў яго словамі “поўная ласкі”. Ласка – гэта дзейнасць Бога, Яго дар для чалавека.

Калі Бог прыходзіць у наша жыццё, то робіць гэта не для таго, каб нешта забраць, але, каб даць. Вера дае нам ласку, дабро, спакой, радасць. Наша вера пачынаецца з веры ў дабро, якое нам хоча падараваць Бога. Немагчыма, каб нарадзілася сапраўдная вера са страху перад Богам. Сапраўдная вера – гэта вера ў тое, што Бог добры і заўсёды побач з намі. Таму арханёл Габрыэль, звяртаючыся да Марыі падкрэсліў, што “Пан з ёй”. Кожны раз, падчас св. Імшы мы кажам – “Пан з табой” – гэта сцвярджэнне пазіцыі Бога ў якога верым – Ён заўсёды з намі.

Менавіта гэтаму вучыць нас вера Марыі – памятаць заўсёды, што Бог з намі, што ён мае для нас ласку, прыходзіць, каб прынесці ў наша жыццё нешта добрае і прыгожае. Ён побач нягледзячы на наш супраціў і нязгоду, а гэта з’яўляецца крыніцай вялікай радасці. Дык вось – першы крок – верыць у дабрыню і добразычлівасць Бога.








All the contents on this site are copyrighted ©.