2013-05-01 11:07:53

Праца “намашчае” нас годнасцю


RealAudioMP3 Каштоўнасць чалавечай працы і важнасць сузірання Хрыста – на гэтыя два аспекты звярнуў увагу папа Францішак у сваёй катэхезе падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 1 мая. Ён нагадаў, што ў гэты дзень Касцёл адзначае ўспамін св. Юзафа рамесніка і пачынае месяц традыцыйна прысвечаны Найсвяцейшай Панне Марыі. Францішак нагадаў, што Езус увайшоў у гісторыю ў прысутнасці св. Юзафа. Ад яго Ён “вучыўся рамяству цесляра, дзелячы з ім працу, намаганні, задавальненне, а таксама штодзённыя цяжкасці”. Паводле Святога Айца гэта падкрэслівае годнасць і важнасць працы. “Праца з’яўляецца часткай Божага плану любові; мы пакліканы апрацоўваць і бараніць усе даброты стварэння і такім чынам можам удзельнічаць у справе стварэння. Праца – фундаментальны элемент годнасці чалавека. Праца, калі прывесці пэўны вобраз, “намашчае” нас годнасцю, дае нам годнасць; робіць падобнымі на Бога, які працаваў і працуе, дзейнічае заўсёды; дае магчымасць утрымліваць саміх сябе, уласную сям’ю, спрыяць развіццю ўласнай краіны. І тут я ўзгадваю пра цяжкасці, якія у многіх краінах, сустракае сёння свет працы і вытворчасці, думаю аб не толькі маладых беспрацоўных часта з прычыны эканамічнай пазіцыі грамадстваў, якія шукаюць эгаістычнай выгады, па-за рамкамі параметраў сацыяльнай справядлівасці” - сказаў Францішак.

Пантыфік заклікаў да салідарнасці і звярнуўся да адказных за функцыянаванне грамадстваў, каб з новым запалам адказаць на праблему беспрацоўя. “Гэта азначае клапаціцца пра годнасць чалавека”, - сказаў Папа.

“Я б хацеў асабліва звярнуцца да моладзі: выконвайце вашы штодзённыя абавязкі, у вучобе, працы, сяброўстве, дапамозе бліжнім; ваша будучыня залежыць таксама ад таго, як вы здолееце пражыць гэтыя каштоўныя гады вашага жыцця. Не бойцеся намаганняў, ахвяраў і не глядзіце са страхам у будучыню; трымайце жывой надзею; заўсёды ёсць святло на гарызонце”, - заклікаў Пантыфік.

Святы Айцец звярнуў увагу на праблему “рабскай працы”. “Колькі людзей ва ўсім свеце з’яўляюцца ахвярамі гэтага віду рабства, калі асоба служыць працы, у той час як праца павінны аказваць служэнне людзям даючы ім годнасць”, - сказаў Папа і заклікаў супрацьстаяць гэтаму распаўсюджанаму феномену.

Другім пунктам катэхезы папы Францішка было сузіранне Бога. Пантыфік падкрэсліў, што св. Юзаф, разам з Марыяй, мелі адзіны цэнтр увагі: Езуса. “Яны суправаджалі і баранілі, з адданасцю і пяшчотнасцю, рост Сына Божага, які стаў чалавекам для нас, разважаючы над усім, што адбывалася”, - сказаў Папа.

“Каб слухаць Пана, неабходна навучыцца сузіраць Яго, адчуваць Яго пастаянную прысутнасць у нашым жыцці; неабходна спыняцца каб паразмаўляць з Ім, даваць месца малітве. Кожны з нас, таксама і вы хлопцы, дзяўчыны і моладзь (...) павінны спытаць саміх сябе: якое месца я даю Пану? Ці спыняўся, каб паразмаўляць з Ім? Ад таго часу калі мы былі маленькімі, нашы бацькі, прывучылі нас пачынаць і заканчаваць дзень малітвай, для таго, каб мы навучыліся адчуваць, што сяброўства і любоў Бога нас суправаджаюць. Будзем памятаць больш пра Пана напрацягу нашых дзён!”, - заклікаў Святы Айцец.

Пантыфік падкрэсліў важнасць і прыгажосць ружанцовай малітвы. Ён нагадаў, што дзякуючы ёй можна разважаць пра галоўныя моманты жыцця Езуса, каб як для Марыі і Юзафа, Хрыстус стаў у цэнтр нашых думак, увагі і ўчынкаў. Папа заклікаў маліцца на ружанцы ў сям’і, з сябрамі, у парафіях. “малітва, якая чыніцца супольна – гэта каштоўны момант для таго, каб умацаваць сямейнае жыццё і сяброўства. “Будзем вучыцца маліцца больш у сям’і і як сям’я!”, - заклікаў Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.