2013-05-01 13:14:37

Ватыканскі іерарх пра рэформу папы Францішка


RealAudioMP3 Рашэнне папы Францішка аб стварэнні спецыяльная групы з васьмі кардыналаў, для кансультацый ў справе кіравання Паўсюдным Касцёлам і вывучэння магчымых зменаў у Апостальскай канстытуцыі “Pastor bonus”, якая тычыцца працы Рымскай курыі, выклікала вялікую цікавасць, а таксама шмат спекуляцый. Пра гэта расказаў 1 мая ў інтэрв’ю “L’Osservatore Romano” субстытут Дзяржсакратарыяту арцыбіскуп Анджэла Бэчу. Іерарх падкрэсліў, што Папа яшчэ не сустракаўся з членамі створанай ім групы, але нягледзячы на гэта распаўсюджваецца шмат розных гіпотэз і парадаў. “Пасля размовы са Святым Айцом, могу сказаць, што ў дадзены момант абсалютна рана развіваць якія-небудзь гіпотэзы аб будучай структуры Рымскай курыі”, - сказаў ён і дадаў, што Папа слухае ўсіх, але ў першую чаргу хоча выслухаць тых, каго выбраў у якасці дарадчыкаў.

Таксама арцыбіскуп Бэчу адзначыў, што Францішак быў вельмі здзіўлены, калі некаторыя СМІ распаўсюдзілі інфармацыю пра яго жаданне закрыць Інстытут рэлігійных спраў, больш вядомы як Ватыканскі банк. “Папа быў здзіўлены, калі ўбачыў што яму прыпісваюць словы, якіх ён не казаў і нават не меў у думках”, - падкрэсліў ватыканскі іерарх. Арцыбіскуп адзначыў, што на тэму Ватыканскага банка Святы Айцец казаў толькі аднойчы, падчас св. Імшы ў капліцы Дома св. Марты, у прысутнасці супрацоўнікаў гэтай установы. Тады, ён заклікаў памятаць, што ў Касцёле самым важным з’яўляюцца не чалавечыя структуры, але гісторыя любові паміж Богам і людзьмі.








All the contents on this site are copyrighted ©.