2013-04-29 14:23:04

Папа Францішак: пакора і сціпласць – асновы хрысціянскага жыцця


RealAudioMP3 “Мы ўсе маем цемру ў нашым жыцці, моманты, калі ўсё, нават наша сумленне з'яўляецца цёмным, але гэта не азначае, што мы павінны хадзіць у цемры”, - адзначыў папа Францішак 29 красавіка падчас ранішняй св. Імшы ў капліцы Дома св. Марты. Разам з Пантыфікам у Эўхарыстыі прынялі ўдзел супрацоўнікі Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы. “Ісці ў цемры, азначае быць задаволенымі самім сабой; быць перакананымі, што не патрабуем збаўлення. Але менавіта гэта цемра! Калі нехта ідзе па гэтым шляху цемры, яму нялёгка вярнуцца назад. Глядзіце на вашы грахі, нашы грахі: мы ўсе грэшнікі. Гэта адпраўная кропка”, - сказаў ён. Пантыфік нагадаў, што трэба рэгулярна спавядацца з грахоў. Бог “верны, справядлівы настолькі, што можа прабачыць нам грахі і ачысціць ад любога беззаконня”, - нагадаў Папа. Паводле яго, “калі Пан прабачае, то чыніць справядлівасць”, перш за ўсё перад абліччам самаго сябе “таму што Ён прыйшоў каб збавіць нас і прабачыць”. “Пан пяшчотны з тымі, хто яго баіцца і ідзе да Яго” і Ён “нас разумее заўсёды”, хоча падарыць “той супакой, які толькі Ён можа падарыць”.

Пантыфік таксама звярнуў увагу на каштоўнасць сораму. Ён сказаў, што сорам з’яўляецца хрысціянскай цнотай, якая належыць пакорным людзям. “Пакора і сціпласць, гэта асновы хрысціянскага жыцця. Хрысціянін заўсёды ідзе з пакорай і сціпласцю. А Езус нас чакае, каб прабачыць. Мы можам спытаць: такім чынам, спавядацца азначае ісці на мучэнні? Не! Гэта азначае ісці праслаўляць Бога, таму што я грэшнік, быў збаўлены Ім. І Ён мяне чакае для пакарання? Не, але для таго, каб з пяшчотнасцю прабачыць. А калі заўтра ўчыню тое самае? Тады ідзі яшчэ і яшчэ раз... Ён заўсёды чакае. У гэтым пяшчотнасць, пакора і сціпласць самаго Бога”, - сказаў Святы Айцец.

Папа заклікаў прысутных на Эўхарыстыі заўсёды прасіць тую ласку, якая дазваляе хадзіць перад Богам у праўдзе і святле, а не ў цемры недагаворак і падманаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.