2013-04-26 10:42:11

Арцыбіскуп Чэллі: святары павінны быць падрыхтаванымі для знаходжання ў сацсетках


RealAudioMP3 На значэнне сацыяльных сетак у місіі Касцёла звярнуў увагу старшыня Папскай рады па сродках масавай камунікацыі напярэдадні 47-га Сусветнага дня сродкаў масавай камунікацыі, які будзе адзначацца ў нядзелю 12 мая. Арцыбіскуп Клаўдыё Марыя Чэллі падкрэсліў, што прыклад дае сам Папа. Ён назваў “твіты” Святога Аца “іскрамі ісціны і мудрасці”. “У наш час, калі пашыраецца духоўная пустэча, цудоўна прыняць гэтыя кароткія, але інтэнсіўныя дары ісціны і прыгажосці”, - адзначыў іерарх. Ён дадаў, што сацыяльныя сеткі цалкам адпавядаюць логіцы евангелізацыі, якая з’яўляецца місіяй, не абмежаванай ні часам, ні прасторай, што характэрна і для сацыяльных інтэрнэт-супольнасцяў. Хрысціяніну, на думку старшыні Папскай рады, тут трэба проста быць, дзелячыся ведамі, ведучы дыялог, завязваючы новыя адносіны.

На думку ватыканскага іерарха, важным з’яўляецца знаходжанне святароў у сацыяльных медыя. Але яны, вядома, павінны захаваць сваю ідэнтычнасць у сетцы і праводзіць душпастырскую працу. Таму трэба, каб святары былі тэхнічна і прафесійна падрыхтаванымі і кампетэнтнымі для гэтай місіі, звярнуў увагу старшыня Папскай рады.

Арцыбіскуп Чэллі нагадаў, што менавіта ІІ Ватыканскі Сабор “адкрыў шлях” да сённяшняга разумення сацыяльнай камунікацыі ў Касцёле. Саборны дакумент “Inter Mirifica” нейкім чынам прадсказаў не толькі развіццё тэхналогій, але і змену ладу жыцця людзей. Сёння Касцёл імкнецца ўнесці свой практычны ўклад у свет СМІ, “імкнучыся ўсё лепш і лепш каардынаваць свае дзеянні”, - адзначыў арцыбіскуп Чэллі ў інтэрв’ю італьянскай “La Stampa”.

“Збаўчая любоў Хрыста дасягае чалавека там, дзе ён знаходзіцца, нават у сетцы”, - выказаў перакананне ватыканскі іерарх. Тым не менш, на яго думку, “чалавек павінен знайсці супольнасць, якая прыме яго і дапаможа жыць у поўні адносінамі з Хрыстом”.







All the contents on this site are copyrighted ©.