Кс. Ламбардзі: магчыма, у 2013 г. першая энцыкліка папы Францішка
Бразілія – гэта адзіная
краіна, якую ў 2013 г. плануе наведаць папа Францішак. Аб гэтым паінфармаваў кс. Фэдэрыка
Ламбардзі, кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы, 25 красавіка. Святар нагадаў,
што 23-28 ліпеня Пантыфік прыме ўдзел у Сусветных днях моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра. Адначасова,
кс. Ламбардзі не выключыў магчымасці апублікавання ў 2013 г. першай энцыклікі Францішка,
з улікам таго, што яго папярэднік на Пасадзе св. Пятра, Бэнэдыкт XVI, “напрацаваў
матэрыял на тэму веры”. Кіраўнік Залы Друку нагадаў, што напрыканцы красавіка - пачатку
мая Папа на пенсіі плануе перасяліцца з рэзідэнцыі Рымскіх Пантыфікаў у Кастэль-Гандольфа
ў кляштар на тэрыторыі Ватыкана. У сваю чаргу, Францішак працягне жыць у Доме св.
Марты, “дзе адчувае сябе вельмі добра”. “На дадзены момант, здаецца, што ён не збіраецца
мяняць месца пражывання, аднак, гаворка не ідзе пра канчатковае рашэнне”, - падкрэсліў
кіраўнік Залы Друку.