2013-04-24 15:35:19

“Веру, ведаю, разумею”. Шчаслівая тая, якая паверыла (ІІ)


RealAudioMP3 Мы працягваем цыкл разважанняў пад назвай “Шчаслівая тая, якая паверыла”, у рамках якога размаўляем пра веру Найсвяцейшай Панны Марыі, пра тое, як углядаючыся ў яе прыклад зрабіць нашу ўласную веру больш жывой і моцнай. Мы пачалі нашу размову з таго, што заглянулі на першыя старонкі Евангелля паводле св. Лукі і ўбачылі, што евангеліст пачаў сваё апавяданне менавіта з прыкладу Маці Божай. Першыя два раздзелы прысвечаны менавіта ёй. Св. Лука паказвае наколькі моцнай была вера Марыі і супрацьпастаўляе яе веры іншай асобы – Захарыі.

Сітуацыя разгортваецца пасля таго, як арханёл Габрыэль расказаў Марыі і Захарыі пра тое, што цудоўным чынам у іх народзяцца дзеці. Захарыя, у адказ на гэта спытаўся: “Па чым я пазнаю гэта?”, а Марыя: “Як станецца гэта?”. Здаецца адказы вельмі падобныя, але на самой справе, не. Пацвярджэннем гэтаму служыць рэакцыя анёла: ён робіць Захарыю нямым, а Марыі кажа цёплыя і пяшчотныя словы.

Чаму так адбылося? Дык вось, першае, што зрабіў Захарыя – гэта папрасіў у анёла аб дапамозе, каб зразумець, што адбываецца. Вера, аднак, не прыходзіць дзякуючы розуму, але дзякуючы Духу. У першую чаргу вера прыходзіць дзякуючы таму, што мы трымаем адкрытай самую глыбокую частку нашага сэрца. Канешне, наш розум, гэта цудоўная і неабходная рэч, але для веры неабходна нешта яшчэ больш глыбокае.

У сувязі з гэтым варта ўзгадаць пра сітуацыю, якая адбылася ў райскім садзе з нашымі прабацькамі Адамам і Евай. Нагадаю, што там было два дрэвы: жыцця і пазнання. Яны нібыта супрацьпастаўляліся адно аднаму. Спрабаванне плёнаў аднаго,выключала магчымасць карыстання плёнамі іншага. Чалавек, у сваю чаргу, быў надзелены магчымасцю выбару паміж імі: выбару паміж жыццём і пазнаннем дабра і зла.

У нашым жыцці часта здараюцца сітуацыі, сэнс якіх нам цяжка зразумець. Тут трэба перш за ўсё даверыцца Богу і жыць разам з Ім. Менавіта жыць, бо чалавек створаны для гэтага. Трэба прызнаць сваю абмежаванасць у разуменні ўсяго. Гэта вельмі рацыянальны ўчынак. Адам і Ева, аднак, аддалі перавагу іншаму – яны вырашылі, што неабходна ўсё пазнаць і разумець. У выніку, як вядома, яны згубілі магчымасць карыстацца плёнамі дрэва жыцця.

Мы часта паўтараем падобны выбар у нашым штодзённым жыцці. Мы хочам, каб справы Божыя былі яснымі для нашага розуму. Спыняемся і баімся рабіць крок наперад, жыць далей. Як у сітуацыі з Захарыяй, рэальнасць становіцца для нас нямой, не кажа нічога. Мы не можам адказаць “так”, да таго, часу пакуль усяго не зразумеем. Аднак Бог сам, у кнізе прарока Ісаі казаў: “Мае шляхі – гэта не вашыя шляхі”. І гэта праўда. Сам Езус збавіў нас таксама незразумелым, здавалася б абсурдным чынам – шляхам крыжа, мукі і смерці.

Прыклад Панны Марыі нам кажа пра тое, што мы павінны напачатку давяраць Богу, а ўжо потым разважаць. На словы анёла Марыя спыталася – як гэта адбудзецца? Яна ўжо дала згоду і толькі жадала зразумець, што павінна рабіць. Мы бачым, што вера заключаецца не ў тым, каб усё разумець ці ўсё ясна бачыць перад вачыма. Верыць – азначае дазволіць Богу дзейнічаць у нас.

Калі ў жыцці ўзнікаюць такія сітуацыі – мы становімся перад двума дрэвамі: жыцця і пазнання. І каб жыць, трэба выбраць першае. Такім чынам, мы перадаем кіраванне нашым жыццём Богу. Давяраем яму, атрымлівае спакой і радасць. Становімся “шчаслівымі, таму што паверылі”. Захарыя ў нечым нагадвае кожнага з нас – калі нешта не змяшчаецца ў нашай галаве, мы гэта адкідаем. Затым, канешне, Захарыя сказаў “так” і пачаў давяраць Богу, але толькі пасля таго, як зразумеў, што не трэба вымяраць уласнымі катэгорыямі справы Божыя.








All the contents on this site are copyrighted ©.