2013-04-24 15:34:14

СДМ-2013: Ватыканская камісія з візітам у Бразіліі


RealAudioMP3 Працоўная група з Ватыкану ў мінулыя дні знаходзілася з візітам у Рыа-дэ-Жанейра, для ўдакладнення праграмы ўдзелу папы Францішка ў Сусветных днях моладзі гэтым летам. Альбэрта Гасбары, адказны за падрыхтоўку апостальскіх падарожжаў Святога Айца, даў добрую адзнаку і падзякаваў усім, хто прымае ўдзел у падрытоўцы візіту. Ён адзначыў шчыльнае супрацоўніцтва паміж касцёльнымі структурамі і бразільскімі дзяржаўнымі ўстановамі. Ватыканская дэлегацыя наведала месцы, дзе пройдуць асноўныя мерапрыемствы ў рамках візіту Пантыфіка.

Як паведамілі ў мясцовым арганізацыйным камітэце, адбылася сустрэча прадстаўнікоў Касцёла з бразільскімі ўладамі розных узроўняў. Яна праходзіла за зачыненымі дзвярыма. Касцёльны бок, апрача Альберта Гасбары, прадстаўлялі Апостальскі нунцый у Бразіліі, арцыбіскуп Джавані д’Аньела і арцыбіскуп Рыа-дэ-Жанейра Арані Хоао Тэмпеста. Мэтай сустрэчы стала перапрацоўка зацверджанай у канцы мінулага года праграмы візіту Пантыфіка, з улікам пажаданняў папы Францішка. “Цэнтрам праграмы” застануцца “Бразілія, Рыа-дэ-Жанейра і Сусветныя дні моладзі”,- падкрэсліў Гасбары. На сённяшні дзень пацверджаны ўдзел Святога Айца ў сустрэчы з моладдзю у Капакабане; у Крыжовым шляху, вячэрнім вігілійным чуванні і заключнай Эўхарыстыі. Літургію на адкрыццё Сусветных дзён моладзі будзе цэлебраваць арцыбіскуп Тэмпеста, на ёй Папа прысутнічаць не будзе.

У форуме, які пройдзе ў Рыа-дэ-Жанейра 23-28 ліпеня 2013 г., паводле арганізатараў, можа прыняць удзел да 4 млн. чалавек. Іх колькасць, магчыма, вырасце ўлічваючы выбар ліцінаамерыканскага іерарха на Пасад св. Пятра. Прыбыццё Святога Айца сюды папярэдне запланавана на 25 ліпеня.








All the contents on this site are copyrighted ©.