2013-04-23 11:25:53

Папа: Касцёл заўсёды крочыць паміж Крыжам і Уваскрасеннем


RealAudioMP3 З нагоды ўспаміну св. Юрыя, свайго патрона, папа Францішак узначаліў у капліцы св. Паўла ў Ватыкане Эўхарыстыю разам з кардыналамі, якія пражываюць у Рыме. Святы Айцец падзякаваў пурпуратам за тое, што сабраліся каля Пантыфіка ў такі важны для яго дзень. “Дзякуй, - сказаў ён, - што я адчуваю сябе так добра ў вашым асяроддзі”. Папа звярнуўся да літургічных чытанняў, якія распавядалі пра часы пераследу Касцёла, мэтай якога, на думку Пантыфіка, было перш за ўсё знішчэнне яго “місійнай прыроды”. Менавіта тады, паводле Папы, першыя хрысціяне адчулі, што Касцёл для іх з’яўляецца сапраўднай Маці, “Маці, якая дае веру, Маці, якая дае ідэнтычнасць”, падкрэсліў Францішак і дадаў, што гаворка ідзе хрысціянскую ідэнтычнасць, і ні пра якую іншую. Францішак нагадаў, што знайсі Езуса па-за Касцёлам – не магчыма. І сцвярджаць адваротнае, паводле яго, абсурдна. Святы Айцец запрасіў задумацца аб місійным характары Касцёла. Маці-Касцёл, нагадаў ён, “расце з новымі дзецьмі, якім дае ідэнтычнасць веры, таму што не можна верыць у Хрыста без Касцёла”.

“Калі б мы хацелі хаця б крыху сысці на шлях гэтага свету, пачаць перамовы са светам, (...) мы ніколі не будзем мець суцяшэння ад Пана”, - падкрэсліў Святы Айцец. І калі чалавек ставіць суцяшэнне вышэй за ўсё, абсалютызуе яго, ён можа асягнуць яго, але яно будзе павярхоўным, не ад Пана – чалавечым суцяшэннем, - дадаў Пантыфік. Касцёл, нагадаў ён, заўсёды “крочыць паміж Крыжам і Уваскрасеннем, сярод пераследу і суцяшэння ад Пана. І гэта сапраўдны шлях: той, хто ідзе па ім, не памыляецца”.

Папа Францішак заклікаў кардыналаў прасіць у Пана апостальскай руплівасці, якая прымушае рухацца наперад і несці імя Хрыста ва ўлонне Маці-Касцёла, які з’яўляецца “іерархічным і каталіцкім”.







All the contents on this site are copyrighted ©.