2013-04-23 11:56:06

Аўстралійскі кардынал: Францішак цалкам засяроджаны на Хрысце


RealAudioMP3 Францішак, гэта чарговы Папа, які цалкам засяроджаны на Езусе, - сказаў кардынал Джордж Пэлл, арцыбіскуп Сіднэя. 22 красавіка Пантыфік прыняў на аўдыенцыі аўстралійскага пурпурата, які належыць да групы з васьмі кардыналаў, што будуць кансультаваць Святога Айца ў кіраванні Касцёлам. У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё, іерарх звярнуў увагу на дыялог Папы з моладдзю падчас нядзельнай сустрэчы на малітве “Regina Coeli”. На яго думку, гэта было вельмі сімвалічнае спатканне, якое паказвае, што Францішак, як і яго папярэднікі, цалкам засяроджаны на Хрысце.

“Што цікава, - сказаў кардынал Пэлл, - аднойчы я канцэлебраваў з Янам Паўлам II адну з вялікіх св. Імшаў для моладзі. Эўхарыстыя была вельмі шумнай, занадта шумнай, як на мой густ. Нават падчас Эўхарыстычнай малітвы людзі крычалі “Giovani Paolo”. А пажылы і хворы ўжо Папа паўтараў толькі: “Езусе, Езусе”. Я чуў гэта, я стаяў побач з ім”, - падзяліўся ўспамінамі аўстралійскі іерарх. Кардынал прызнаўся, што тую сітуацыю нейкім чынам нагадала яму стаўленне Францішка і тое, што ён зрабіў у нядзелю на “Regina Coeli”, нагадваючы маладым людзям, што ён з’яўляецца не нейкай зоркай, але тым, хто паказвае Езуса, бо гэта яго місія.







All the contents on this site are copyrighted ©.