2013-04-21 12:45:52

Папа перад “Regina Coeli”: распазнаваць унікальны голас Езуса (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Евангеллю, прызначанаму на IV Велікодную нядзелю, прысвяціў Святы Айцец свае разважанні 21 красавіка перад малітвай “Regina Coeli”. Сустрэча Папы з вернікамі адбылася адразу пасля ўрачыстай Эўхарыстыі, падчас якой Францішак удзяліў святарскія пасвячэнні 10 навучэнцам рымскай Вышэйшай духоўнай семінарыі. Плошча св. Пятра і прылягаючая да яе тэрыторыя былі запоўнены вернікамі. У сваіх разважаннях Пантыфік звярнуў увагу на рэчаіснасць вечнага жыцця. Паводле яго, яно палягае на жывых адносінах з Богам. Пастаянным імкненнем Езуса было і ёсць усталяванне асабістых адносін з кожным чалавекам, таму Ён параўноўвае сябе да пастыра, а вернікаў да авечак. Святы Айцец заклікаў вучыцца распазнаваць голас Хрыста, адрозніваць яго ад усіх іншых, якія імкнуцца заблытаць чалавека ў яго шляху да Бога. Францішак запрасіў маладых людзей не закрываць свае сэрцы на голас Езуса, які кліча іх да адмысловага служэння Яму ў святарстве і манаскім жыцці.

“Дарагія браты і сёстры, - звярнуўся да сабраных на плошчы перад ватыканскай базылікай Папа - IV Велікодная нядзеля адзначаецца чытаннем Евангелля ад Добрым Пастыры, якое мы чуем штогод. Сёння вяртаюцца гэтыя словы Езуса: “Авечкі Мае слухаюць голасу Майго, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною. І Я даю ім вечнае жыццё навекі, і яны не загінуць ніколі, і ніхто не вырве іх з рук Маіх. Айцец Мой, які даў Мне іх, большы за ўсіх. І ніхто не можа вырваць іх з рукі Айца Майго. Я і Айцец — адно” (10 27-30). У гэтых чатырох вершах заключаецца ўсё пасланне Езуса, гэта ядро Яго Евангелля: Ён заклікае нас да ўдзелу ў Яго адносінах з Айцом, і гэта ёсць жыццё вечнае.

Езус хоча ўсталяваць са сваімі сябрамі адносіны, якія з’яўляецца адлюстраваннем тых, што ён сам мае з Айцом, адносіны поўнага ўзаемнага даверу, інтымнай камуніі. Каб выказаць гэта глыбокае разуменне, гэтыя адносіны сяброўства, Езус выкарыстоўвае вобраз пастыра з яго авечкамі: ён кліча іх, і яны ведаюць яго голас, адказваюць на яго заклік і ідуць за ім. Што за прыгожая прыпавесць! Таямніца галасу ўражвае: мы ўпэўнены, што з матчынага ўлоння мы вучымся распазнаваць яе голас і голас таты; праз тон галасу мы адчуваем любоў ці пагарду, прыхільнасць ці халоднасць. Голас Езуса ўнікальны! Калі мы навучымся адрозніваць яго, Ён накіруе нас на шлях жыцця, шлях, які пераўзыходзіць рамкі бездані смерці. Але Езус у пэўны момант кажа, звяртаючыся да сваіх авечак: “Айцец Мой, які даў Мне іх...” (Ян 10,29). Гэта вельмі важна, гэта глыбокая таямніца, якую ня лёгка зразумець: калі я адчуваю цягу да Езуса, калі Яго голас сагравае маё сэрца, гэта з’яўляецца ласкай Бога Айца, які нарадзіў ува мне жаданне любові, ісціны, жыцця, прыгажосці ... і Езус усё гэта мае ў поўні! Гэта дапамагае нам зразумець таямніцу паклікання, у прыватнасці, паклікання да адмысловай кансэкрацыі. Часам Езус кліча нас, запрашае нас ісці за Ім, але, магчыма, бывае так, што мы не разумеем, што гэта Ён, як здарылася з маладым Самуілам.

Сёння шмат маладых людзей знаходзіцца тут, на плошчы. Шмат вас, праўда? Гэта бачна! Менавіта! Вас, модадзі, сёння шмат тут, на плошчы. Дазвольце мне спытаць: колькі разоў вы чулі голас Пана праз жаданне, неспакой, запрашэнне руку аб руку ісці за Ім? Вы чулі? ... Я не чую! (рэд. авацыі на плошчы) ... Так лепш! Ці было ў вас жаданне быць апосталамі Езуса? Маладосць патрабуе змагання за высокія ідэалы. Вы думаеце аб гэтым? Вы гатовыя на гэта? Пытайцеся Езуса, чаго Ён жадае ад вас і будзьце адважнымі! Адвагі! Пытайцеся Яго! За і перад кожным пакліканне да святарства ці кансэкраванага жыцця, заўсёды стаіць моцная і інтэнсіўная малітвы некага: бабулі, дзядулі, маці, бацькі, супольнасці... Вось чаму Езус сказаў: “прасіце Гаспадара Жніва, – якім ёсць Бог Айцец – каб паслаў работнікаў на жніво сваё” (Мц 9, 38). Пакліканні нараджаюцца ў малітве і праз малітву, у малітве, і толькі ў малітве могуць трываць і прыносіць плён. З радасцю хацеў бы падкрэсліць, што сёння адзначаецца “Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях”. Будзем асабліва маліцца за новых святароў Рымскай дыяцэзіі, святарскія пасвячэнні якім я меў задавальненне ўдзяліць сёння раніцай. Будзем прасіць заступніцтва Марыі. Дзесяць маладых людзей сказалі “так” Езусу і атрымалі святарскія пасвячэнні сёння раніцай. Гэта цудоўна! Будзем прасіць заступніцтва Марыі, якая з’яўляецца жанчынай “так”. Марыя гаварыла “так” усё сваё жыццё. Яна навучылася распазнаваць голас Езуса, з пачатку, калі насіла яго ва ўлонні. Няхай яна дапаможа нам лепш распазнаваць голас Езуса і наследаваць Яго, ідучы па дарозе жыцця!”, - сказаў Святы Айцец падчас сваіх разважанняў перад “Regina Coeli”.







All the contents on this site are copyrighted ©.