Святы Айцец падзякаваў
аргентынскім маці за іх барацьбу з беднасцю і намаганні па спыненні пакут шматлікіх
людзей. Члены аргентынскай асацыяцыі “Маці плошчы Мая” 21 сакавіка напісалі ліст да
папы Францішка, у якім павіншавалі яго з абраннем на Пасад св. Пятра. У сваім адказе
Святы Айцец пацвердзіў блізкасць да асоб, якія дапамагаюць найбольш няшчасным і прыкладаюць
намаганні, каб дапамагчы такім людзям, зразумець іх і задаволіць іх законныя памкненні.
Пантыфік моліцца таксама за асоб, адказных за агульнае дабро, каб іх змаганні па барацьбе
з беднасцю былі эфектыўнымі і базаваліся на справядлівасці і салідарнасці.
Ліст
ад імя Святога Айца падпісаў падсакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі
кс. прэлат Антуан Камілеры. “Маці плошчы Мая” (ісп. Asociación Madres de Plaza de
Mayo) – гэта грамадскі рух аргентынскіх маці, чые дзеці зніклі падчас правядзення
палітыкі “Бруднай вайны” у перыяд ваеннай дыктатуры, паміж 1976 і 1983 гадамі, у Аргентыне.
Сваю назву рух атрымаў ад назвы цэнтральнай плошчы Буэнас-Айрэса – плошчы Мая, дзе,
насупраць дома ўрада, пачынаючы з 30 красавіка 1977 г., кожны чацвер, сталі збірацца
жанчыны, дзеці якіх бясследна зніклі.
Святы Айцец падзяляе боль многіх маці
і сем’яў, якія пакутуюць ад трагічнай гібелі сваіх блізкіх у сумны час для гісторыі
Аргентыны, гаворыцца ў лісце, і ўдзяляе ім сваё благаслаўленне на знак надзеі і падтрымкі.