2013-04-17 13:31:28

Кардынал Каспер: Папа патрабуе падтрымкі


RealAudioMP3 Тытул Біскупа Рыма сярод усіх іншых папскіх тытулаў з’яўляецца ў тэалагічным сэнсе асновапалягаючым, лічыць кардынал Вальтэр Каспер. Менавіта на ім ставіць акцэнт папа Францішак. Іерарх, які на працягу 9 гадоў кіраваў Папскай радай спрыяння хрысціянскаму адзінству, у інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву італьянскага епіскапата падкрэсліў, што для адносінаў Касцёлаў Усходу і Захаду менавіта гэты тытул можа адыграць кансалідацыйную ролю. І праваслаўныя, і пратэстанты станоўча ўспрынялі як выбар кардынала Берголіа на Пасад св. Пятра, так і абранне ім імені Францішак, якое ўжо само па сабе з’яўляецца праграмай вяртання да Евангелля і адмовы ад “імператарскага двара”, - падзяліўся кардынал Каспер.

Іерарх выказаўся і наконт нядаўняга прызначэння групы кардыналаў-кансультантаў. Ён падкрэсліў, што свет, не гледзячы на сваю глабалізаванасць, пакуль вельмі разнастайны і падзелены, таму Папа мае патрэбу ў людзях з розных кантынентаў з рознымі поглядамі на рэальнасць. Такім чынам ён таксама ажыццяўляе ідэю калегіяльнасці і адзінства ў разнастайнасці.

Кардынал Каспер адзначыў, што папу Францішка ўсе прынялі вельмі станоўча, з сімпатыяй. Але Евангелле заўсёды сустракала супраціў, таму іерарх заклікае не быць наіўнымі, бо хутка і гэты Пантыфік апынецца пад абстрэлам крытыкі. “Таму Папа патрабуе падтрымкі і малітвы з боку ўсіх людзей добрай волі”, - лічыць ён.








All the contents on this site are copyrighted ©.