2013-04-16 15:35:01

Рым: міжнародныя мерапрыемствы да Года веры


RealAudioMP3 У Рыме ў рамках Года веры пройдуць два буйныя міжнародныя мерапрыемствы. Асноўнай падзеяй стане двухдзённы форум, прысвечаны навучанню Касцёла аб годнасці жыцця. Кс. Гено Сільва, афіцыял Папскай рады па новай евангелізацыі, выказаў спадзяванне, што падзея стане знакавай для секулярызаванага свету, бо пакажа яму, што значыць культура жыцця ў разуменні Касцёла. Адным з запрошаных на мерапрыемства, якое пройдзе ў Вечным горадзе 15-16 чэрвеня, стаў арцыбіскуп Бостана, кардынал Шон О’Мэлі. Ён правядзе дыскусію з вядомымі прафесарамі Фрэнсісам Бэквітам і Робертам Роялам на тэму годнасці чалавечага жыцця. Форум завершыць св. Імша 16 чэрвеня на плошчы св. Пятра, якую ўзначаліць папа Францішак.

Іншая міжнародная падзея запланавана на ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, 2 чэрвеня. У вігілію святкавання, 1 чэрвеня вечарам, Святы Айцец узначаліць у ватыканскай базыліцы эўхарыстычную адарацыю. Усім дыяцэзіям у свеце было рэкамендавана далучыцца да гэтай ініцыятывы, праводзячы на месцах, адначасова з адарацыяй у базыліцы св. Пятра, эўхарыстычныя набажэнствы.







All the contents on this site are copyrighted ©.